Дзесяць «чарнобыльскіх» дзён

Главное Люди Новости

IMG_989326 красавіка, на адрыўных і настольных календарах убачым «чорную» дату — «Дзень чарнобыльскай трагедыі». Трыццаць гадоў таму назад тая тэхнагенная катастрофа, якая адбылася на тэрыторыі тагачаснай Украінскай ССР, страшнай бядой абрынулася на Беларусь. І, як сведчаць цяпер шматлікія рассакрэчаныя архіўныя даныя, у ліку тых, хто супрацьстаяў мірнаму атаму, што выйшаў зпад кантролю, пераважалі беларусы.

На забруджаную тэрыторыю тэрмінова адпраўляліся вайсковыя падраздзяленні, ваенкаматы мабілізавалі «запаснікоў» войск спецыяльнага прызначэння, туды накіроўвалі ўрачоў, ветэрынараў, прадстаўнікоў іншых службаў. У ліку іх быў і тагачасны ўрач-эпізаатолаг раённай ветлячэбніцы Зянон Рыкун. 29 мая ён прыбыў у Нароўлю — адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі раёнаў Беларусі.

…Дзесяць дзён — імгненне ў жыцці чалавека. Толькі іншы раз гэтае імгненне застаецца і цягнецца непарыўным болем, крыкам душы на ўсе адведзеныя Богам дні. Як расказваў Зянон Казіміравіч, ніякіх гераічных учынкаў не здзяйсняў. Яму ставілі канкрэтную задачу: ветэрынар павінен быў аб’язджаць пашы сельгаспрадпрыемстваў Нараўлянскага раёна, зрываць для пробы траву, дзе пасвіцца дойны статак, а таксама браць для аналізаў малако ранішняй, абедзеннай ці вячэрняй дойкі. Да шаснаццаці гадзін усе пробы павінны былі быць праверанымі, а паказчыкі дазіметрычных прыбораў перададзены па спецыяльным нумары тэлефона. (Прычым ні калегі з нараўлянскай ветлабараторыі, ні сам выканаўца не ведалі, каму гэты нумар належыць.).

— Ніякіх сродкаў індывідуальнай аховы ад радыяцыі нам не выдавалі, — кажа Зянон Казіміравіч. — Жыў ў гасцініцы, транспарт прадастаўляла мясцовая лабараторыя. Адзіная прывілея — бясплатная лазня. Але што яна значыла, калі пасля мыцця даводзілася апранаць тое ж адзенне, у якім хадзіў па палях. Пробы, што прывозіў на аналізы, былі настолькі забруджаны радыенуклідамі, што прыборы проста зашкальвалі. Я разумеў, чаго гэта каштуе, таму ў сталовай, дзе нам ладзілі харчаванне, ад ежы адмаўляўся, піў толькі мінеральную ваду.

Ліквідатар успомніў і такую акалічнасць: катэгарычна забаранілі праводзіць аналізы прадукцыі з уласных падвор’яў. Але, калі людзі ўсё ж звярталіся, употай ішлі на парушэнне забароны. У той час, мяркуе З. Рыкун, многія кіраўнікі самі не ўяўлялі маштабнасці катастрофы. Гараджане ездзілі ў гаспадаркі на праполку буракоў, у магазінах прадаваўся хлеб мясцовай выпечкі. Аднак паціху стала з’яўляцца інфармацыя пра сапраўдныя памеры радыяцыі і людзі тэрмінова пачалі пакідаць абжытыя мясціны. Калі ад’язджаў з Нароўлі, успамінае ліквідатар, на вакзале панаваў перапалох, і здавалася, што трапіў на здымкі кінафільма пра першыя дні вайны. На жаль, гэта была рэальнасць.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.