На Браслаўшчыне налічваецца 83 воінскіх пахавання і гістарычных помніка

Главное

IMG_9740Вялікая Айчынная вайна пакінула незагойную рану на сэрцы многіх пакаленняў. Маўклівымі сведкамі тых жудасных падзей з’яўляюцца помнікі, абеліскі і мемарыяльныя комплексы, якія ўзведзены амаль у кожным населеным пункце Беларусі. Толькі на тэрыторыі Браслаўшчыны налічваецца 83 воінскіх пахавання і гістарычных помніка. Агульная колькасць пахаваных 9895 чалавек, у тым ліку 4562 — невядомыя.

Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама створана раённая камісія па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. За воінскімі пахаваннямі замацаваны сельвыканкамы, установы адукацыі, культуры, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Добраўпарадкаваннем замацаваных месцаў яны займаюцца пастаянна.

У Браславе, напрыклад, сярэдняя школа №1 імя А. М. Жданава замацавана за месцам расстрэлу жыхароў гета ў Браславе (воінскае пахаванне № 5744). Як паведаміла намеснік дырэктара навучальнай установы па выхаваўчай рабоце  Тэрэза Станіслаўчык, вучні разам з педагогамі некалькі разоў на год наводзяць парадак на гэтых тэрыторыях. Сёлета, напрыклад, ужо прыбралі лістоту і смецце пасля зімы, у самы бліжэйшы час плануецца высадка кветак і раслін, запланаваны шэраг касметычных работ па добраўпарадкаванні помніка. Акрамя гэтага, школа шэфствуе над месцам гібелі героя А. Жданава, дзе рэгулярна бываюць і наводзяць чысціню і парадак.

IMG_9739Сёлета ў райцэнтры ўтворана рабочая група па зверцы звестак пра абаронцаў айчыны раённага банка даных з аб’яднаным банкам даных “Мемарыял”. У яе склад увайшлі работнікі ЦБС і аддзела адукацы. Зараз актыўна ідзе праверка імёнаў і прозвішчаў воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле ў Браславе. Ужо правераны дадзеныя наконт 811 загінулых. Гэта вельмі карпатлівая работу, падчас якой высвятляецца правільнасць напісання прозвішчаў, званняў і інш. Адначасова ідзе праца над пашпартамі воінскіх пахаванняў, куды ўносяцца адпаведныя змены.

У сельскай мясцовасці таксама надаецца пільная ўвага помнікам і абеліскам. Напрыклад, на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельскага савета знаходзіцца 10 воінскіх пахаванняў  у самім аграгарадку, вёсках Замошша, Азяраўцы, Рэпаўшчына, Мелеўцы і Зімірка. Па словах старшыні сельвыканкама Дзіяны Тарун, шэфствуюць над імі мясцовая школа, нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” і Браслаўскае аддзяленне дэпартамента аховы. Яны сумленна дапамагаюць у доглядзе воінскіх пахаванняў. А  да 9 мая плануецца правесці рамонт на воінскім пахаванні ў Замошшы. Сродкі на яго ў памеры 4 млн. бел. рублёў выдзеліў Беларускі фонд Міру.

Увага да воінскіх пахаванняў — гэта даніна павагі кожнаму воіну, які абараняў незалежнасць нашай краіны, а ў гэтыя веснавыя дні, калі да светлай даты Перамогі застаецца менш за месяц, яна набывае асаблівае значэнне.

Алена Набеева.