Год культуры. Якія мерапрыемствы запланаваны на Браслаўшчыне?

Главное Спрашивайте-отвечаем

God_kultury_2016_emblema_1Бягучы год аб’яўлены ў краіне Годам культуры. Цікава, а якія мерапрыемствы запланаваны ў нашым раёне?

Андрэй, г. Браслаў.

Як паведаміла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Антаніна Абалевіч, год культуры для Беларусі будзе багатым на разнастайныя падзеі, акцыі, конкурсы, выстаўкі, канцэрты. План яго правядзення зацверджаны напрыканцы студзеня адпаведнай пастановай Савета міністраў Беларусі. Трэба адзначыць, што ён закранае ўсе сферы дзейнасці (культуру вытворчасці і земляробства, сямейных адносін і быту, добраўпарадкавання, эканамічную, прававую, экалагічную культуру і інш). Значная ўвага ў ім удзяляецца мерапрыемствам, звязаным са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі, напрыклад, 120 – годдзю К. Крапівы, 95-годдзю І. Мележа і І. Шамякіна.  Усяго ў план уключаны 121 пункт па асноўных напрамках дзяржаўнай культурнай палітыкі Беларусі.

Канцэпцыя правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў у раёне на бягучы год сфарміравана з улікам асноўных патрабаванняў рэспубліканскага плана.  Браслаўшчына — край, багаты на творчых і таленавітых людзей. Яна славіцца сваімі мастакамі, артыстамі, музыкантамі, народнымі майстрамі. Падчас правядзення мерапрыемстваў і жыхары раёна, і госці змогуць яшчэ раз пераканацца ў гэтым. Плануюцца выступленні тэатральных, харэаграфічных, музычных калектываў, выстаўкі і кірмашы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. План распрацаваны для людзей рознага ўзросту і запатрабаванняў. Будуць праводзіцца як традыцыйныя мерапрыемствы, якія карыстаюцца поспехам у браслаўчан, напрыклад “Купалле”, “Кірмаш рамёстваў”, “Ноч музеяў”, так і ажыццявяцца новыя цікавыя задумы. Напрыклад, шоу-праграма “Маленькія джэнтльмены”. Захаваюцца брэндавыя мерапрыемствы ў сельскай мясцовасці, у тым ліку “Далячанскі Бульбаслаў”, “Шчасце рыбака”, “Свята агурка”, “Яблачны Спас” і іншыя.

У Год культуры ў Браслаўскім раёне запланаваны і шэраг цікавых акцый, напрыклад, “Спяваем  разам Гімн”, “Сямейнае чытанне”, “Клопат”. Браслаўчане змогуць прыняць удзел у конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага маштабу.

Адным словам, бягучы год будзе знаходзіцца ў пастаяннай атмасферы мастацтва і жыхары раёна змогуць ў поўнай меры адчуць гэта. Год культуры надасць усім новыя творчыя сілы, веды, энергію, якія дазволяць паспяхова развіваць эканоміку, палітыку і сацыяльную сферу.