Пасяўная. З гарачым харчаваннем не павінна быць праблем

Деньги

 

IMG_5254У 30-я гады мінулага стагоддзя ў час сезонных сельскагаспадарчых работ юнакі і дзяўчаты з усходніх раёнаў тагачаснай Беларусі, якія гранічылі з заходнімі, нелегальна хадзілі да «паноў» на заробкі. І, як расказвала мая бабуля, многія з гаспадароў «заходнікаў», перш чым узяць будучага работніка саджалі за стол і глядзелі наколькі спраўна ён упраўляецца з лыжкай. Ахвотней бралі таго, хто добра еў. І ў тым была звычайная сялянская развага: калі чалавек хутка і многа есць, так ён будзе і з работай упраўляцца.

Успомніўся мне гэты аповед у час праверкі гатоўнасці сталовых сельгаспрадпрыемстваў да арганізацыі харчавання у перыяд веснавых палявых работ, у якую мяне запрасіла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова. З дня старту масавай сяўбы і да заканчэння ўборкі ўраджаю большасць механізатарскіх кадраў гаспадарак будуць працаваць на палетках з раніцы да поздняга вечара, а некаторыя з іх і ноччу.

  • Смачна і каларыйна накарміць людзей, даставіць да месца работы гарачыя стравы, чысты посуд, стварыць камфартабельныя ўмовы для сталавання — прамы абавязак кіраўнікоў, які замацаваны адпаведным пунктам калектыўных дагавораў паміж наймальнікамі і прафсаюзнымі арганізацыямі.

Ад таго, як арганізуюць гэтую работу ў кожнай канкрэтнай гаспадарцы ў многім будзе залежыць не толькі дзённая выпрацоўка, а і якасць выконваемай работы.

У гэты аўторак разам з Вольгай Віктараўнай мы наведаліся ў пункты прыгатавання ежы «Мяжан», «Відзаўскага», «Агравідзаў», «Новай Гвардыі», «Бярозавага краю» і «Маяка Браслаўскага». У апошняй гаспадарцы адна сталовая працуе круглы год, дзве іншыя ў дзень нашага наведвання толькі адкрыліся. Ва ўсіх астатніх гаспадарках сталовыя яшчэ рыхтаваліся да сезону.

IMG_5261Трэба сказаць, што кіраўнікі сельгасарганізацый разумеюць важнасць сезоннага гарачага харчавання. Пры татальным недахопе зваротных сродкаў, яны знаходзяць грошы, каб набыць посуд, халадзільнае абсталяванне, электра ці газавыя пліты. Але ж тым часам не звяртаюць увагі на некаторыя, з іх пунктаў гледжання дробязі, якія прапісаны ў дзеючых правілах санітарна-гігіенічных патрабаванняў да такіх аб’ектаў. У адной са сталовых да гэтага часу яшчэ кормяць людзей з алюмініевых місак, што рабіць забаронена. На гэтую заўвагу галоўнага санітарнага ўрача кіраўнік зрэагаваў імгненна: патэлефанаваў загадчыку майстэрні і загадаў яму забраць посуд у металалом.

А цяпер прывяду другі прыклад. У кожнай кухні, дзе гатуюцца стравы, павінна быць 7 маркіраваных дошак і столькі ж нажоў для нарэзкі прадуктаў па відах. Урачамі-гігіеністамі гэта прыдумана не дзеля якойсьці прыхаці, а выпрацаванае на лічбах сумнай статыстыкі выпадках масавых атручванняў людзей у пунктах грамадскага харчавання. Дык вось, толькі ў сталовых «Маяка Браслаўскага» і «Агравідзаў» гэтае правіла выконваецца. У астатніх было не больш як па 3–5 дошак. Думаю, калі б кожны з кіраўнікоў аднёсся да гэтага больш сур’ёзна і папрасіў свайго працаўніка, які дома мае цыркулярку і габлявальны станок, зрабіць з бярозавага камля 10-15 дошак, ніводны з іх не адмовіў, і хутчэй за ўсё зрабіў бы гэта бясплатна. Але ж ігнаруюць. А цяпер уявім сітуацыю: на адной дошцы разбіралі і гатавалі мяса, рыбу, гародніну, хлеб. На ёй стварылася спрыяльная асяроддзе для ўзнікнення шкодных для здароўя арганізмаў, якія пры такім падыходзе трапілі ў ежу, і ўвесь калектыў механізатараў, у лепшым выпадку трапіў на бальнічныя ложкі. А ў горшым…? Таму грэбаваць гэтым не варта.

У цэлым жа можна канстатаваць, што ў гаспадарках, якія мы наведалі, дзе ўжо працавалі і дзе яшчэ не, быў падабраны персанал, акрамя (ААТ «Новая Гвардыя»), заканчваўся рамонт памяшканняў, вялася інвентарызацыя посуду, прыводзіліся ў парадак падсобкі. А яшчэ, як пазітыў, хочацца адзначыць тое, што ў большасці сталовых будуць працаваць повары, якія, па водгуках механізатараў, умеюць рыхтаваць смачныя і каларыйныя стравы.

Аляксандр Азевіч.