Дыялог з наведвальнікамі адбыўся ў Браслаўскім музеі

Выставки Главное

IMG_0463Міжнародны дыспут “Музей і грамадства: кропкі сутыкнення” адбыўся ў Браславе ўпершыню. Удзел у ім прынялі работнікі браслаўскіх, полацкага, міёрскага і краслаўскага музеяў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына, прадстаўнікі раённай Маладзёжнай палаты, краязнаўцы, а таксама браслаўчане рознага ўзросту, прафесій, і інш.

Рэгіянальны музей — адзінае месца, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй свайго краю, даведацца пра яго культуру, пабачыць мясцовыя археалагічныя знаходкі і іншае. Музеі нашага рэгіёна і блізкага замежжа падчас работы сутыкаюцца практычна з аднолькавымі праблемамі: у асноўным,  як прыцягнуць наведвальнікаў у свае ўстановы, што зрабіць, каб людзі імкнуліся праводзіць свой вольны час у музеі, расказвалі пра яго сваім гасцям, папулярызавалі свае мясцовыя набыткі і традыцыі. Адказ на гэтыя і іншыя пытанні прысутныя на дыспуце і шукалі разам праз абмеркаванні, апытанні і часам спрэчкі.

Напрыканцы мерапрыемства, яго вядучая, дырэктар Браслаўскага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак занатавала найбольш слушныя заўвагі і прапановы. Пры планаванні будучых выставак і мерапрыемстваў яны абавязкова будуць ўлічвацца.

Дыспут, які быў праведзены непасрэдна ў сценах музея, дзе адбываюцца і выстаўкі, і майстар-класы рамеснікаў,  і канцэрты бардаў, паказаў, што неабыякавых людзей да ўзнятых праблемных пытанняў няма. Шмат хто з прысутных нават прппанавалі сваю дапамогу работнікам музеяў Браслава ў падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў. Але найлепшым доказам таго, што музейныя работнікі дасягнулі сваёй мэты і зацікавілі патэнцыяльных наведвальнікаў, можна лічыць выказванне адной жанчыны “Я наведала 9 розных краін, але ні разу не была ў нашых мясцовых музеях. Аказваецца тут столькі цікавага і вы праводзіце шмат мерапрыемстваў, якія проста неабходна наведваць!”.

Алена Набеева.

На здымку: спецыяліст з Краслаўскага музея Эдуард Даноўскі творча падышоў да свайго выступлення па тэме дыспута.