Сеяць толькі днём. Аруць і ноччу…

Актуальное Экономика и финансы
IMG_9853
Самы спрактыкаваны сеяльшчык гаспадаркі Валянцін Кардэль.

Мінулы чацвер, калі ішоў дождж і на палетках маглі працаваць толькі трактары з плугамі, кіраўніцтва ААТ «Альшанка» выкарыстала для правядзення паўторнага тэхагляду самаходнай тэхнікі. Тым не менш, механізатары пасля таго, як атрымалі дакументы з адзнакай пра праходжанне працэдуры тэхнічнага агляду, накіраваліся не дамоў, а да сваіх прычапных агрэгатаў, каб лішні раз праверыць іх надзейнасць, дзе патрэбна правесці дадатковыя рэгуліроўкі. А ў мяне з’явілася магчымасць у спакойнай абстаноўцы пагутарыць пра арганізацыю веснавых палявых работ з дырэктарам акцыянернага таварыства Вітольдам Багародзем і галоўным аграномам гаспадаркі Анатолем Цярэшкам.

П. Багародзь: — Як і ў большасці гаспадарак, сёлета выехалі сеяць роўна тыдзень назад. На палетках працуюць 3-4 трактары з культыватарамі, 2 — з дыскатарамі. На сяўбе задзейнічаем пасяўны агрэгат АПП-6 і сеялку СЗ-4,2. Апошнюю набылі летась і апрабавалі на восеньскай сяўбе. Для нашых дробнаконтурных палёў плюскай зоны гэта незаменны апарат: просты ў эксплуатацыі і танны пры рамонце.

А. Цярэшка: — Пакуль сеем толькі зернебабовыя, якія ў мінулым годзе далі багаты ўраджай, што дазволіла назапасіць удосталь насеннага матэрыялу і забяспечыць жывёлу канцэнтратамі насычанымі бялком. У структуры пасеваў віка ў сумесі з аўсом, пшаніца з пялюшкай і проса з вікай. Асноўны ж клін збожжавых будзем размяшчаць на быстрамаўскай зоне, дзе і глебы багацейшыя, і абшары не раўня плюскім. Як і ў папярэднія гады прыярытэт аддазім пшаніцы і ячменю, крыху пасеем і аўсу.

П. Багародзь: Паколькі, акрамя сяўбы, у нас засталося не перааранымі больш за 1000 гектараў палеткаў, каб прыспешыць гэтую работу з учарашняга вечара арганізавалі двухзменную работу энерганасычаных трактароў на ворыве. У арганізацыі двузменкі складаны не столькі сам начны працэс, колькі цяжка падабраць у напарнікі гаспадару трактара таго, каму ён давярае. Мы прапанавалі Паўлу Юркевічу і Тадэвушу Шыдлоўскаму самім выбраць заменшчыкаў. Першы ў напарнікі ўзяў Аляксандра Гайлеша, другі — Генадзя Трубовіча. Думаю такі падыход будзе эфектыўным, і нашы сеяльшчыкі на прыканцы сяўбы не ўпруцца ва неўзараныя палі.

А. Цярэшка: — Як аграном непасрэдна сачу за якасцю падрыхтоўкі глебы, працэсам сяўбы. Увесь пасяўны матэрыял абавязкова прапускаем праз пункт пратручвання, дзе працуе абучаны персанал. Занятых на гэтай рабоце забяспечылі спецадзеннем, індывідуальнымі сродкамі аховы.

П. Багародзь: — З першага дня сяўбы для механізатараў наладзілі двухразовае гарачае харчаванне. Пакуль большасць прадуктаў купляем у мясцовым магазіне. Але ўжо дамовіўся з кіраўнікамі мясцовага хлебазавода, Полацкага КХП на пастаўку хлеба, макаронаў і круп, а таксама свініны і паўфабрыкатаў з «Маяка Браслаўскага».

Ад аўтара: паколькі разам са мной у «Альшанку» наведвалася галоўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова, не прамінулі мы зазірнуць і ў сталовую гаспадаркі. Там сур’ёзных парушэнняў санітарна-гігіенічных правілаў (акрамя таго, што выкарыстоўваюцца алюмініевыя лыжкі і відэльцы) спецыяліст не выявіла.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *