Семінар ідэалагічнага актыву

Актуальное

IMG_9242На мінулым тыдні на базе КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” прайшоў семінар ідэалагічнага актыву раёна. Адказныя за гэты накірунак работы ў сваіх арганізацыях сабраліся разам, каб абмеркаваць шэраг пытанняў. Сярод іх галоўным было падвядзенне вынікаў дзейнасці ідэалагічнага актыву прадпрыемстваў і ўстаноў раёна за мінулы год.

Пра гэта падрабязна расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына. Усяго ў 2015 годзе ў арганізацыях і на прадпрыемствах працавалі 45 спецыялістаў па ідэалагічнай рабоце. Кожны з іх на сваім месцы стараўся працаваць адказна. У адных гэта атрымлівалася лепш, у іншых — горш, пра што сведчаць справаздачы. Між тым ёсць арганізацыі, якія могуць служыць прыкладам выдатна наладжанай ідэалагічнай работы. Гэта Друйскі дзіцячы дом, ЦРБ, ПМК-42, філіял “Браслаўрыба”, аддзяленне Беларусбанка, псіхіятрычная бальніца “Слабодка” і іншыя.

Як зазначыла Ю. Чагарына, усяго за мінулы год адбылося 72 выезды ў працоўныя калектывы, агучана 26 розных тэм, праведзена 568 сустрэч у рамках адзінага дня інфармавання. Часта падчас такіх мерапрыемстваў паступалі розныя пытанні. Усяго адказным асобам было адрасавана іх 217, асноўныя датычыліся ліквідацыі баршчэўніка і аварыйных дрэваў, асвятлення вуліц, ліквідацыі сметнікаў. Таксама ў мінулым годзе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі правёў 4 сацыялагічныя апытанні.

Нямала задач стаіць перад ідэалагічным актывам на бягучы год: павышэнне якасці работы, правядзенне іміджавых мерапрыемстваў і ўдзел у грамадска-палітычным жыцці рэгіёна, удасканаленне работы са СМІ і іншае. Але ж ідэалагічны работнік у арганізацыі ці на прадпрыемстве свайго роду рухавік, які арганізуе калектыў на актыўную работу. І сапраўднаму актывісту рэалізаваць гэтыя задачы пад сілу.

Невыпадкова, што семінар праходзіў на базе КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік”. Ідэалагічная работа з калектывам у гэтай арганізацыі, можа з’яўляцца прыкладам для іншых. Па словах спецыяліста па ідэалагічнай рабоце ўстановы Валянціны Баравік, для супрацоўнікаў распрацавана сістэма прэміравання, лепшыя трапляюць на дошку гонару, удзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. Яны актыўныя ў творчым і спартыўным жыцці раёна. Дарэчы, арганізацыя аплачвае заняткі сваіх супрацоўнікаў у спартшколе. Ёсць у “Браслаў-камунальнік” і свае традыцыі: віншуюць ветэранаў, адзначаюць юбілейныя даты, ездзяць на экскурсіі.

IMG_9244Падчас семінара былі абмеркаваны і іншыя пытанні: праблема ранняга выяўлення нядобранадзейных сямей, ідэалагічнае забеспячэнне вясенне-палявых работ, дзейнасць  раённай арганізацыі БТЧК, магчымасці сервіса дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. А супрацоўнікі музейнага аб’яднання і РЦК пазнаёмілі з мерапрыемствамі, якія ў бліжэйшы час адбудуцца ў раёне і заклікалі ўсіх актыўна на іх прыходзіць.

Падчас практычнай часткі для ўдзельнікаў семінара правялі экскурсію па арганізацыі і пазнаёмілі з дасягненнямі ў розных накірунках.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара. 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *