Лада — лідар новага пакалення

Актуальное

IMG_0157На мінулым тыдні раённы этап традыцыйнага конкурсу на лепшага лідара школьнай пярвічкі БРСМ “Лідар — новае пакаленне” сабраў самую актыўную, крэатыўную і творчую моладзь з 5 устаноў адукацыі раёна.

За званне пераможцы разам са сваімі камандамі змагаліся Лада Сінькевіч (гімназія), Настасся Алейдзан (Відзаўская школа), Уладзіслаў Жусель (Опсаўскі ДССШ), Ксенія Ракіцкая (Дрысвяцкі ДССШ), Кацярына Іоч (СШ №2). Усе ўдзельнікі — лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення, сапраўдныя лідары ў сваіх навучальных установах, актыўныя ўдзельнікі жыцця раённай арганізацыі БРСМ. Таму, кожны з іх заслугоўваў таго, каб атрымаць ганаровае званне.

Аднак конкурс ёсць конкурс і наперадзе маладых і ініцыятыўных школьнікаў чакала шмат выпрабаванняў. Першае з іх — візітная картка “Мая грамадзянская пазіцыя”. Маладыя людзі артыстычна, крэатыўна, эмацыянальна расказвалі пра сябе, свае поспехі і дасягненні ў вучобе, творчасці, спартыўным жыцці, грамадскай дзейнасці. Яны танцавалі, спявалі песні, жартавалі, паказвалі прэзентацыі. Таму ў выступленні кожнага было нешта асаблівае і запамінальнае. Так, Лада Сінькевіч прапанавала разам пагартаць старонкі кнігі яе жыцця, Уладзіслаў Жусель прадставіў сябе як сына, сябра і вучня, а Насця Алейдзан пакарыла ўсіх ігрой на гітары.

Сапраўдны лідар павінен актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваёй навучальнай установы. Як маладыя людзі спраўляюцца з гэтым высветліў другі конкурс “Практыка, магчымасці, унікальнасць”. Падчас яго маладыя людзі творча абаранялі праекты, якія рэалізуюць у сваіх школах. Гімназісты праз казку прэзентавалі дзейнасць “Акадэміі Gold”, відзаўчане падзяліліся напрацоўкамі ў плане рэалізацыі праекта “Курыць ці не курыць”, школьнікі з Опсы прэзентавалі распрацоўку “Будучае — гэта мы”, хлопчыкі і дзяўчынкі з Дрысвят падзяліліся тым, як выхоўваюць патрыётаў, а вучні СШ №2 — як працуе іх валанцёрскі атрад. Усе праекты былі дастойныя ўвагі, і вызначыць, які з іх самы лепшы, было складана.

У трэцім конкурсе “Лідар-сюрпрыз” удзельнікі выступалі разам са старэйшымі лідарамі, у асноўным гэта былі педагогі. І дарослыя, і дзеці пакарылі зал сваімі песняімі, танцамі і крэатыўнымі задумамі. А таксама яшчэ раз даказалі, што ў школах  раёна вучацца творчыя школьнікі і працуюць ініцыятыўныя педагогі.

Барацьба за перамогу выдалася няпростай. Кожны ўдзельнік выдатна праявіў сябе ў конкурснай праграме. І ўсё ж ганаровае званне лідара новага пакалення заваявала гімназістка Лада Сінькевіч. Разам з дыпломам пераможцы і падарункамі дзяўчына атрымала права прадставіць Браслаўшчыну на занальным этапе. Пажадаем ёй новых перамог.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *