Выпальванне сухой расліннасці пад забаронай

Актуальное Человек и закон

news_21102015_155526Як толькі ўстанавілася цёплае веснавое надвор’е, сельскія жыхары і дачнікі пачалі прыводзіць у парадак свае зямельныя ўчасткі. Пры гэтым гаспадары часта грэбуюць не толькі сваёй бяспекай, але і ўсіх навакольных. Паводле афіцыйнай статыстыкі вясной істотна пачашчаюцца выпадкі пажараў ад выпальвання сухой расліннасці і смецця, згараюць дамы і іншыя пабудовы. 

Вось і ў панядзелак у адной з вёсак Вілейскага раёна гарэлі 3 дамы і 4 гаспадарчыя пабудовы. Як аказалася, жанчына наводзіла парадак на сваім участку, паліла смецце і не паспела апомніцца, як ад вогнішча пачала гарэць спачатку сухая раслінасць, а потым полымя ахапіла і бліжэйшыя пабудовы. А ў аўторак і ў нашым раёне было зафіксавана ўзгаранне сухой расліннасці на полі недалёка ад в. Бучаны. Дзякуючы аператыўным дзеянням РАНС полымя хутка спынілі. Увогуле ж з 6 гадзін 27 да 6 гадзін 28 сакавіка ў краіне ліквідавана 25 узгаранняў травы і кустоўя на плошчы каля 50 га.

У мінулым годзе ў экасістэмах адбылося 8126 пажараў на агульнай плошчы 8758,4 га.  Выратавальнікі ліквідавалі 1019 лясных пажараў, 967 узгаранняў тарфянікаў. Зафіксавана 6140 выпадкаў гарэння травы і кустоў.

Вясновыя палы з’яўляюцца сапраўдным экалагічным бедствам. Яны шкодзяць урадлівасці глебы, парушаюць натуральную прыродную раўнавагу. Акрамя таго, пры пажарах у паветра вылучаецца вялікая колькасць атрутнага дыму. Выпальванне расліннасці часта прыводзіць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў.

Браслаўскі РАНС нагадвае: выпальванне сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў, травы катэгарычна забаронена. За парушэнне забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Так, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, ржышча, пажніўных рэшткаў на палях ці непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў прадугледжаны штраф ад 10 да 40 БВ. За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах — папярэджанне або штраф да 12 БВ.

Да таго ж можна прывесці шмат выпадкаў, калі выпальванне расліннасці прыводзіла да гібелі людзей. Як паказвае вопыт мінулых гадоў у большасці выпадкаў гінулі сталыя людзі, якія пры спальванні смецця на прысядзібных участках не разлічылі свае сілы па кантролі за агнём.

Згодна з Правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў. Для гэтага прадугледжаны пляцоўкі, абрамленыя вычышчанай да мінеральнага пласта глебы паласой шырынёй не менш за 0,25 м, на адлегласці не менш 15 м ад будынкаў, 25 м ад ляснога масіву.

На тэрыторыі жылых дамоў сядзібнай забудовы, дачных і садовых домікаў дапускаецца прыгатаванне ежы ў спецыяльных прыстасаваннях (мангал, барбекю, грыль і аналагічныя). Пры гэтым мінімальная адлегласць да будынкаў і збудаванняў павінна быць не менш за 4 м. У абавязковым парадку побач павінны быць вогнетушыцелі або ёмістасці з вадой.

Пасля спальвання смецця, адходаў на пляцоўках і прыгатавання ежы, падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення.

Не праходзьце міма падпаленай травы ці іншых узгаранняў, паведамляйце пра гэта ў РАНС па тэл. 101, 112.

Вадзім Чэкан,

інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *