На змену стацыянарнаму гандлю прыйшоў выязны

Главное

IMG_4480На тэрыторыі раёна на пачатак года налічвалася 146 стацыянарных магазінаў. Ні для каго не сакрэт, што яшчэ гадоў 5 таму назад іх было значна больш. Змяншэнне колькасці насельніцтва раёна, а разам з ім і пакупной здольнасці не магло не паўплываць на тое, што гандлёвыя кропкі ў сельскай мясцовасці паступова закрываюцца. Але жыхары нават маленькіх населеных пунктаў не засталіся без паўсядзённа неабходных тавараў, бо на змену стацыянарнаму гандлю прыйшоў выязны. І сёння штодзень рэгулярна па розных маршрутах, узгодненых з райвыканкамам, курсіруюць аўтамагазіны райпа, хлебазавода, Мёрскага мясакамбіната, Еўраопта, “Маяка Браслаўскага”, ІП Барткевіча. Спадарожныя тавары вязе сельскім жыхарам і аўтапочта.

Браслаўскі хлебазавод, напрыклад, кожны дзень, акрамя выхадных, накіроўвае па вызначаных маршрутах 2 аўтамагазіны. Першы выезд магазіна на колах адбыўся яшчэ ў 1995 годзе, а ў верасні мінулага павёз на сяло прадукты і другі аўтамагазін. Пры гэтым дырэктар прадпрыемства Валерый Пятушка заўважае, што, займаючыся выязным гандлем, завадчане вырашаюць у большай ступені сацыяльныя задачы, а не камерцыйныя, бо ад вяскоўцаў паступала шмат скаргаў наконт адсутнасці ў сельскіх гандлёвых кропках шырокага асартыменту прадукцыі хлебазавода. Каля 70% тавараў, што вязе аўталаўка хлебазавода,— гэта прадукцыя ўласнай вытворчасці. І, напрыклад, адзін вадзіцель-прадавец штомесячна рэалізуе да 5 тон хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Каля 30% складае іншы асартымент харчовай групы тавараў: цукровыя кандытарскія вырабы (шакалад, мармелад, цукеркі і карамель), бакалея (мука, крупа, цукар, соль, алей), малочная прадукцыя, рыбная, мясная і плодаагароднінная кансервацыя.

Каб унікнуць у сутнасць абслугоўвання сельскіх жыхароў, з дазволу дырэктара завода разам з вадзіцелем-прадаўцом Генрыхам Дзяміткам па маршруце ў напрамку Плюсы — Быстрамаўцы — Слабодка накіраваўся і я.

IMG_4483Генрых 10 гадоў выконвае такія сумешчаныя абавязкі, хоць, як ні дзіўна, але па спецыяльнасці ён повар-тэхнолаг. “У маладосці, — ахвотна дзеліцца асабістым, — шмат дзе і кім папрацаваў. Шукаў, як кажуць, сябе і зарплату. А на заводзе затрымаўся, бо падабаецца. Гэта маё. Таму і з задавальненнем іду на работу.”

Што гаваркі Генрых любіць мець зносіны з людзьмі і валодае спецыфічнымі прадавецкімі якасцямі, за час нашай паездкі ўпэўніўся не раз, бо пакупнікі, у большасці людзі сталыя, усюды, дзе ён станавіўся за прылавак аўтамагазіна, у адзін голас заяўлялі: “Ветлівы, дысцыплінаваны, добра і хутка абслугоўвае.” А ў гадах жанчына з хутара Струста, да якой, збочыўшы з асноўнай трасы, Генрых прывёз неабходныя на 2 тыдні прадукты і дапамог занесці іх у хату, проста, але так пахвальна сказала: “Маладзец ты ў мяне, хлапец, маладзец.”

На балансе хлебазавода знаходзяцца 4 стацыянарныя гандлёвыя кропкі і 2 аўтамагазіны. У агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі завода 20% складае ўласны гандаль, у тым ліку 7% — выязны, 47% прадукцыі рэалізуецца праз сістэму райпа, 33% — прыватнымі прадпрыемствамі і за межамі раёна.

У Барунах практычна ў адзін і той жа час разгарнулі гандаль аўталаўкі і хлебазавода, і райпа. І ля абедзвюх машын хапала пакупнікоў. З аднаго боку — канкурэнцыя, а з другога — свабода выбару для спажыўца і больш шырокі асартымент.

— Прыкідваем, — кажуць жанчыны, — дзе і што танней. Бо калі вялікая сям’я, то розніца нават у некалькі сотняў рублёў — вялікая справа. У хлебазавадской аўталаўцы хлебабулачныя вырабы заўсёды не толькі больш танныя, але і свежыя.

А мясцовы пенсіянер Мечыслаў Пажарскі ўвогуле любіць паразважаць па-філасофску:

— Магазіны, безумоўна, лепш: можна зайсці ў любы зручны час. А да графіка руху аўтамагазінаў трэба прыстасоўвацца. Складаней тым, хто ў гэты час працуе. Але мы разумеем, што пакупнікоў стала намнога менш і ўтрымліваць магазіны нявыгадна. Што ж зробіш, абставіны часу мяняюць звычкі. Па сутнасці, усё неабходнае ў нас ёсць, а калі чаго не хапае, прывязуць у наступны раз. Па пятніцах прыходзяць нават тры машыны. Хлопцы добрыя, абслугоўваюць нас якасна.

У Плюсах, хоць ёсць і стацыянарны магазін, але да аўталаўкі хлебазавода адразу падышлі звыш 30 пакупнікоў. Пры гэтым адзначалі, што ў ёй заўжды шмат розных гатункаў хлеба, ён свежы, больш танны, дарэчы, як і многія іншыя прадукты.

За час работы вадзіцелем-прадаўцом Генрых Іосіфавіч вывучыў пакупніцкі попыт і добра ведае, што з тавараў найбольш запатрабавана на розных маршрутах, якіх у яго 5. У залежнасці ад напрамку руху і заказвае ў экспедыцыі завода асартымент прадукцыі, найперш, вядома ж, разнастайнай хлебнай выпечкі. Таму і распрадае практычна ўсё, што вязе.

Казімір Пятушка.

Фота аўтара.