Салдацкія будні плюскіх пагранічнікаў

Государственная пограничная политика

IMG_0070-2Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл — перш за ўсё свята тых, хто ў розныя часы стаяў на варце бяспекі нашай Радзімы. Асаблівы ён і для вайскоўцаў, якія сёння абараняюць нашу краіну. Так, на Браслаўшчыне салдаты служаць у радах пагранічнай службы. Як жа праходзяць салдацкія будні, я даведалася падчас наведвання пагранзаставы “Плюсы”.

— Цяпер тут служаць 20 хлопцаў. Так як застава называецца “Наваполацкая”, то і ваеннаслужачыя тэрміновай службы ў асноўным у нас з Полацка і Наваполацка, але ёсць і браслаўчане. Хлопцы служаць год ці паўтара, таму наша задача за гэты час зрабіць з іх сапраўдных абаронцаў Айчыны. Трэба зазначыць, што да нас трапляюць толькі лепшыя, бо мы адбіраем маладых людзей, якія падыходзяць нам па маральных і фізічных якасцях, — расказвае начальнік пагранзаставы “Плюсы” Дзмітрый Скавародка.

Службу пагранічнікаў адрознівае тое, што салдатам даводзіцца не толькі спасцігаць тэорыю, але і адпрацоўваць усё гэта на практыцы. А дзе ж яе больш, чым не на мяжы. Дарэчы, кожны дзень салдата-пагранічніка не падобны на іншы. Раніцай праводзіцца баявы разлік і вырашаецца, хто заступае ў нарад днём, а хто ноччу, і абавязкова — з баявой зброяй. Гэта невыпадкова, бо ў апошні час пачасціліся выпадкі, калі нелегалы ці кантрабандысты спрабавалі аказваць супраціўленне. Узгадваюць тут выпадак, калі афганцы спрабавалі ўцячы ад нарада, а калі зразумелі, што гэта не атрымаецца, выхапілі нажы і паспрабавалі напасць. Пагранічнікі зрэагавалі аператыўна і затрымалі парушальнікаў.

Многім з тых маладых людзей, хто праходзіў службу на мяжы будзе што ўспомніць пасля заканчэння тэрміну службы. Не раз салдаты пагранзаставы ўдзельнічалі ў затрыманнях кантрабандыстаў і нелегалаў. Толькі за мінулы год спынілі 30 парушальнікаў мяжы, ТМК на суму каля 250 млн рублёў. І тут дапамагаюць веды, атрыманыя на занятках па тактыцы і пагранічным следапыцтве, страявой, фізічнай і агнявой падрыхтоўцы.

Для добрай службы на заставе ёсць усё: утульная абстаноўка, цікавыя заняткі, добрыя адносіны кіраўніцтва да падначаленых. У вольны час, хоць яго і мала, хлопцы могуць наведаць трэнажорную залу, адпачыць у пакоі псіхалагічнай разгрузкі ці пагуляць у футбол. Дарэчы, пагранічнікі заставы частыя госці ў Плюскай і Быстрамаўскай школах, дзе ладзяць сумесныя спартыўныя і культурныя мерапрыемствы са школьнікамі, удзельнічаюць у канцэртах, што ладзяцца ў мясцовым доме культуры, у раённых спартыўных спаборніцтвах.

Да добрай службы салдат заахвочваюць. Калі хлопец вызначаецца падчас затрыманняў, яму даюць дадатковыя дні да водпуску, а бацькам накіроўваюць падзячныя пісьмы. Яны і самі пры жаданні могуць прыехаць і наведаць свайго салдата. Таму і станоўчых прыкладаў адданай службы тут шмат. А некаторыя і пасля яе вяртаюцца на заставу, якая стала для іх роднай ці каб далей служыць па кантракце, ці проста, каб узгадаць армейскае жыццё.

Вось і хлопцы Яўген Шчаблінскі і Яўген Васілеўскі, з якімі я пагутарыла, толькі станоўча адгукаліся пра службу. Абодва з Браслаўшчыны, служаць каля года і за той час, што знаходзяцца на заставе, сталі сябрамі. Праз паўгода яны вернуцца дадому, але прызнаюцца, што будзе шкада пакідаць звыклае месца. Ім падабаецца згуртаваны калектыў, умовы службы, тое, што кожны дзень насычаны падзеямі. Хлопцы не раз патрулявалі мяжу, затрымлівалі парушальнікаў.  Успамінаюць, што калі прапанавалі выбіраць войскі, адразу вырашылі, што пойдуць у пагранічнікі. І не прагадалі. За сваю службу яны адзначаны граматамі рознага ўзроўню, таму ім будзе што ўспомніць і чым пахваліцца перад роднымі і сябрамі.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.