Браслаўшчына інтэлектуальная

Главное

IMG_4261Сёння ў грамадстве часта можна пачуць розныя меркаванні пра інтэлектаульныя магчымасці сучаснай моладзі. Большасць дарослых схіляецца да думкі, што камп’ютарныя гульні, гаджэты, мільганне кліпаў і другаякасныя фільмы адвучваюць ад звычкі чытаць сур’ёзную літаратуру і думаць. Безумоўна, у гэтым меркаванні ёсць значная доля праўды. Аднак нельга не ўлічваць, што сярод моладзі нямала і сапраўдных інтэлектуалаў.

Прыемна адзначыць, што інтэлектуальны “вірус” распаўсюджаны і ў нашым раёне і для развіцця разумовых здольнясцей школьнікаў на Браслаўшыне створаны добрыя ўмовы.

Несумненна, выхаванне ўсебакова развітай асобы трэба пачынаць з дзяцінства. Найлепш у гэтым дапамогуць бацькам творчыя педагогі школы ранняга развіцця пры ЦДіМ, якія ў гульнявой форме садзейнічаюць асобаснаму і інтэлектуальнаму развіццю дзіцяці.

Значная ўвага юным інтэлектуалам надаецца і ва ўстановах адукацыі раёна. Так, напрыклад, у СШ №1 шмат гадоў дзейнічае інтэлектуальны клуб “Эрудыт”, які аб’ядноўвае каля 100 школьнікаў і збірае вучняў 5 —11 класаў кожную суботу.

У гімназіі з эрудытамі 5 — 7 класаў грунтоўную падрыхтоўку вядзе Святлана Мацкевіч. Дарэчы, яе пытанне нядаўна было адабрана для беларускай гульні “Што? Дзе? Калі?”, але пакуль яно не згуляла. Востры розум інтэлектуалаў старэйшых класаў установы адточвае Дзмітрый Мацкевіч. А вынікам іх карпатлівай працы з’яўляюцца рэгулярныя перамогі гімназістаў.

Безумоўна, падрыхтаваць няхай і разумных дзяцей да напружанай інтэлектуальнай гульні — работа складаная, і ў першую чаргу патрабуе шырокіх і трывалых ведаў ад самога педагога. Трэба навучыць разважаць, думаць лагічна, бачыць падказку ў самім пытанні, да таго ж рабіць гэта хутка і якасна. Немалаважна ўмець працаваць у камандзе, чуць адзін аднаго, давяраць, сыходзіцца да агульнага меркавання.

З заканчэннем школы заядлыя інтэлектуалы Браслаўшчыны не пакідаюць сваё братэрства. Яны стварылі групу “ВКонтакте”, з задавальненнем час ад часу збіраюцца разам, каб памерыцца сваім інтэлектуальным розумам.

Вось і ў мінулую пятніцу ў кафэ “Хваля”, што на турбазе “Браслаўскія азёры”, сабраліся інтэлектуалы з Браслава, Глыбокага і Шаркаўшчыны, каб пазмагацца за званне самых разумных.

Арганізатарамі гульні “Интел.Drive” выступілі яе заўзятыя прыхільнікі — браслаўчане Дмітрый Мацкевіч і Ілля Дзянісаў.

Сёлета ў інтэлектуальных спаборніцтвах “Интел.Drive” ўдзельнічала 15 каманд па шэсць чалавек. Для знатакоў арганізатары падрыхтавалі шэсць тураў па шэсць пытанняў. Трэба адзначыць, што заданні былі вельмі цікавымі і разлічаны больш на лагічнае мышленне. Да таго ж гульня праходзіла ў забаўляльным фармаце, у жанры pub-quiz, гэта значыць, што ўдельнікі не толькі “варушылі” мазгамі, а і прыемна бавілі свой вольны час у кампаніі сяброў.

Тым не менш свайго галоўнага прыназначэння гульня не згубіла, і ў заканчэнні “мазгавога штурму” былі падведзены вынікі. Першы радок у табліцы заняла браслаўская каманда “Angry Birds”, другое месца дасталося камандзе “Безъ понятия”, у якой выступалі былыя выпускнікі СШ №1, на трэцюю прыступку інтэлектуальнага Алімпа падняліся настаўнікі гімназіі.

Таксама лімонамі былі адзначаны 2 каманды, якія прадаставілі журы самы арыгінальны няправільны адказ.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: Каманда-пераможцаў разам з арганізатарамі гульні.