Браслаўчане ў ліку пераможцаў абласной выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.

Главное

78998188_large_kviling_noviy_god

Пачатак года — час, калі падводзяцца вынікі розных творчых конкурсаў і спаборніцтваў. Нядаўна былі агучаны пераможцы абласной выставы-конкурсу творчых работ “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Сярод іх не раз гучалі і імёны юных браслаўскіх майстроў.

Ладзіцца творчы конкурс для таго, каб прывіць школьнікам беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя праз стварэнне кампазіцый з прыроднага матэрыялу. У нашым раёне толькі наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах “Каларыт”, што дзейнічае пры ЦДіМ, працуюць у гэтым накірунку. Таму трэба было выбраць лепшыя работы, каб годна прадставіць Браслаўшчыну на абласным этапе. Дзецям і іх кіраўніку, педагогу ЦДіМ Галіне Ставіцкай, гэта ўдалося паспяхова.

Усяго на абласны этап выставы-конкурсу было прадстаўлена 185 фларыстычных работ у пяці намінацыях. Браслаўскія школьнікі загадзя свае работы дэманстравалі ў трох. А вось намінацыя “Фларыстычная цацка” праходзіла ў вочнай форме ў г. Віцебску. Удзельнікам трэба было за 90 мінут у свабоднай тэхніцы выканання зрабіць фларыстычную цацку навагодняй ці каляднай тэматыкі. Усе матэрыялы ўдзельнікі прывозілі з сабой. У вочным этапе прынялі ўдзел 24 ўстановы адукацыі вобласці. Браслаўскі ЦДМ прадставілі выхаванцы аб’яднання “Каларыт” Паліна Лявонава і Аляксандра Стрыновіч.

У выніку ў намінацыі “Поры году” дыпломам 1 ступені адзначаны калектыў юных аўтараў ЦДМ, якім кіравала Галіна Ставіцкая. Яны прадставілі на выстаўку пано ў свабоднай тэхніцы, выкананае з фларыстычнага матэрыялу ў спалучэнні з дапаможнымі матэрыяламі.

У “Каляднай зорцы” дыплом 3 ступені атрымала Вікторыя Кажаронак (кіраўнік Г. Ставіцкая). Яе фларыстычная кампазіцыя ў форме каляднай зоркі з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу, якая адлюстроўвае этнаграфічныя асаблівасці свята “Каляды”, спадабалася журы.

У намінацыі “Ёлачны карнавал: міні і максі ёлка” таксама не засталіся без узнагарод нашы школьнікі. Дыплом 2 ступені заваявала вучаніца СШ№1 Эвеліна Таболкіна (кіраўнік С. Пуйша), а граматай адзначаны калектыў аўтараў школы. Школьнікі прадэманстравалі фларыстычныя аб’екты на тэму навагодняй ёлкі, выкананыя з розных прыродных матэрыялаў з дэкаратыўнымі і навагоднімі аксэсуарамі.

Самым складаным было на месцы зрабіць арыгінальную кампазіцыю ў намінацыі “Фларыстычная цацка”. У выніку работа Паліны Лявонавай і Аляксандры Стрыновіч была адзначана дыпломам 3 ступені.

— Дзве работы браслаўскіх школьнікаў спачатку прэзентавалася на выстаўцы, якая ладзілася падчас губернатарскай ёлкі, а потым былі накіраваны на заключны, рэспубліканскі этап у Мінск. У конкурсе “Лёд. Кветкі. Фантазія” мы прымаем удзел кожны год і заўсёды работы выхаванцаў аб’яднання “Каларыт”займаюць прызавыя месцы. Гэта той конкурс, у якім вялікая канкурэнцыя, а журы складаецца выключна з прафесійных мастакоў-фларыстаў. Тым не менш у мінулым годзе мы сталі пераможцамі ў рэспубліцы. Будзем спадзявацца, што і гэты год стане не менш багатым на ўзнагароды, — адзначае педагог ЦДМ Галіна Ставіцкая.

Таццяна Пятушка.