Пра што пісала “Браслаўская звязда” 45 гадоў таму назад (люты 1971-га)

Главное

IMG_7366Асцерагайцеся: тонкі лёд

Зіма ў гэтым годзе выдалася, як ніколі, цёплая і вельмі капрызная. Спачатку ўдарылі маразы, а затым наступіла доўгатэрміновая адліга. Язда праз азёры па лёдзе на конях, матацыклах і іншых відах транспарту стала небяспечнай, таму што ледзяны панцыр робіцца з кожным днём усё больш тонкім.

Атэістычная работа з бацькамі і вучнямі

Адной з асноўных частак ідэйна-палітычнай загартоўкі вучняў з’яўляецца атэістычнае выхаванне. Уся работа ў гэтым напрамку накіравана на тое, каб вызваліць дзяцей з-пад уплыву веруючых бацькоў і дзядоў. У выніку вучні ў апошнія гады не наведваюць касцёл. Гэта ўжо перамога. Сумеснымі сіламі мы здольныя перамагчы рэлігійныя забабоны.

У першы рэйс

Яшчэ адзін прыгажун-аўтобус “Паз-672” атрымала аўтабаза №18. Цяпер аўтобусны парк у гаспадарцы налічвае 41 машыну. Яны абслугоўваюць 39 маршрутаў агульнай працягласцю некалькі тысяч кіламетраў.

Насустрач запатрабаванням працоўных

У мэтах больш шырокай палітычнай інфармацыі працоўных раёна пры райкаме партыі створана інфармацыйна-прапагандысцкая група. Нядаўна яна зрабіла першы выезд у калгас “Партызан”. Членам групы на чале з сакратаром райкама партыі Б. С. Лысым сельскія жыхары задалі каля пяцідзесяці пытанняў, для адказаў на якія спатрэбілася амаль тры гадзіны .

Здабыткі звераводаў

Ужо шмат гадоў калгас “Дружба” займаецца развядзеннем пушных звяроў. Летась ад

рэалізацыі шкурак лісіц і пясцоў у калгасную касу паступіла звыш 182 тыс. руб. Яшчэ

больш высокія рубяжы намецілі звераводы на першы год новай пяцігодкі. Калгаснікі

імкнуцца падрыхтаваць ХХІV з’езду партыі свой працоўны падарунак.

Відзаўскае СПТВ №32 аб’яўляе прыём

Ідзе набор навучэнцаў на 1970 — 1971 вучэбны год па спецыяльнасці трактарыст ІІІ класа. Тэрмін навучання 1 год. Усе прынятыя ў вучылішча забяспечваюцца бясплатным трохразовым харчаваннем, спецвопраткай і стыпендыяй (адзінокім 10 рублёў, сямейным — 20 рублёў у месяц). Асобы прызыўнога ўзросту ў СПТВ не прымаюцца.

У райкаме ЛКСМБ

Бюро РК ЛКСМБ адобрыла ініцыятыву камсамольцаў, піянераў і школьнікаў Іказненскай сярэдняй школы па аказанні дапамогі калгасу імя Чарняхоўскага ў нарыхтоўцы кармоў у 1971 годзе. Камсамольскім арганізацыям і піянерскім дружынам сярэдніх і васьмігадовых школ прапанавана падтрымаць пачын іказненцаў і распрацаваць свае сацыялістычныя абавязацельствы.

Выязны буфет

Шырока ўкараняюць кааператары раёна новыя, прагрэсіўныя формы гандлю. Самаабслугоўванне, адкрытая выкладка тавараў — усё гэта стала звыклым. А яшчэ арганізавалі выязны буфет. Цяпер сельскія жыхары па пэўных днях могуць набыць катлеты, шніцалі, рулеты і іншыя паўфабрыкаты, а таксама кулінарныя вырабы і безалкагольныя напіткі.

Выгадна і ўкладчыкам

У 1964 годзе Відзаўскую ашчадную касу наведаў выкладчык Відзаўскага СПТВ-32 Г. К. Радзевіч. Ён рашыў капіць на аўтамашыну і пачаў рэгулярна ўносіць грошы на свой рахунак. Ашчадкаса налічыла яму працэнты ў суме 565 рублёў. А нядаўна Радзевіч купіў аўтамашыну “Масквіч”.

Старонкі газеты гартала

Жанна Бялько.