Вайна вачыма салдата: Леанід Мікшта

Главное Люди

IMG_8692Даўно сышла ў мінулае Афганская вайна, якая працягвалася  9 гадоў і 51 дзень. Непасрэдны ўдзел у тых ваенных падзеях прымалі і 110  жыхароў Браслаўшчыны, 30 з іх атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды:  6 чалавек — ордэн  “Чырвонай Зоркі “ (У. Лясовіч — двойчы), 22 — медаль “За адвагу “ і 6 —  “За баявые заслугі”.  Адзін наш зямляк, Валерый Аляксандровіч, загунуў. Дзевяць удзельнікаў той вайны не дажылі да 50-ці гадоў.

Як напрыканцы 20 стагоддзя, так і сёння, адносіны грамадства да тых падзей на чужой тэрыторыі неадназначныя. А як бачыў вайну 18-цігадовы юнак-салдат? Які след яна пакінула ў яго сэрцы? Ці змяніліся з цягам часу адносіны да яе? З гэтымі пытаннямі звярнуўся да былых “афганцаў”.

З успамінаў Леаніда Мікшты — старшыні РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”:

  • Перад службай у арміі два гады займаўся ў спартыўнай школе г. Магілёва. І калі ў сакавіку 1981 года атрымаў павестку, быў упэўнены, што мяне накіруюць у спартыўную часць. Але маім спадзяванням не суджана было спраўдзіцца.

Курс маладога байца праходзіў у г. Тэрмез Узбекскай ССР, дзе за месяц атрымаў ваенную спецыяльнасць вадзіцеля БТР і БРДМ. Адкуль майскай ноччу накіравалі ў Афганістан.

Першыя ўражанні: пранізлівая цішыня, а раніцай — выбухі і стрэлы. Вось тады мы, маладыя хлопцы, зразумелі, што трапілі на вайну. Перад намі стаяла баявая задача: суправаджаць вайсковыя калоны. Аднойчы ў раёне г. Баграма наш БТР наскочыў на міну.  На шчасце, усе члены экіпажа засталіся ў жывых. За гэта, як камандзіра адзялення, мяне ўзнагародзілі медалём “За баявыя заслугі”. Паўтара месяца лячыўся ў ваенным шпіталі ў Самаркандзе. Пасля выпіскі   выдалі дакументы, і да месца службы трэба было дабірацца самому. Добра што незадоўга да гэтага ў шпіталь наведаліся бацькі і пакінулі крыху грошай, дзякуючы ім і даехаў.

Нягледзячы на тое, што зносіны з мясцовымі жыхарамі былі забаронены, салдаты пастаянна выменьвалі розныя рэчы. (Леанід беражна захоўвае афганскі гадзіннік — памяць пра баявую маладосць). Безумоўна, было цяжка і жудасна. Але лічу, калі Радзіма загадала — значыць так трэба!

Пасля звальнення у запас выдалі грошы за 2 гады службы, таму да хаты з Мінска прыехаў на таксі, бо хацелася хутчэй дадому.

Упэўнены — хлопцам служыць у арміі трэба, бо менавіта там юнакі становяцца сапраўднымі мужчынамі.

 

Алена Пятушка.

 

IMG_1598IMG_1638