І тчэ забыўшыся рука…

Человек и закон

IMG_7333Згадзіцеся, прыемна, калі твае хобі і работа — гэта адно непарыўнае цэлае, якое  прыносіць і душэўнае задавальненне, і матэрыяльны прыбытак. Так склалася ў жыцці дазорцы музея традыцыйнай культуры Людмілы Рулевіч: яна атрымлівае асалоду і зарплату ад сваёй паўсядзённай працы. 

Месца работы ў жыцці Людмілы Іванаўны мянялася часта. Але аднойчы прыйшла ўладкоўвацца на працу ў музей і засталася. Да гэтай установы, як сама прызнаецца, прыкіпела душой. Менавіта тут хобі жанчыны — саломапляценне і ткацтва — стала любімай справай, а супрацоўнікі і калегі — аднадумцамі.

Цяпер ва ўтульнай атмасферы беларускасці яна займаецца ткацтвам на прафесійным узроўні, асвойвае новыя тэхналогіі, вывучае цікавыя тэхнікі пляцення і ўдасканальвае навыкі, якія калісьці перадала ёй бабуля. У сваіх работах Людміла Іванаўна аддае перавагу выкарыстанню арнаменту, аднак не цураецца і нязвыклых для беларусаў узораў. Веды ж чэрпае з усіх магчымых крыніц. Так, напрыклад, на сёлетнім Славянскім Базары майстрыха навучылася плесці скандынаўскія паясы (пляценне на дошчачках).

Сённяшні ўзровень рэчаў Людмілы Рулевіч — а гэта майстарскі выкананыя разнастайныя паясы, абярэгі на галаву, у машыну, гальштукі, абмоткі на ногі і іншыя — дазваляюць ёй быць рамеснікам і выстаўляць свае вырабы на продаж. Прычым разыходзяцца ўнікальныя творы не толькі па Браслаўшчыне і Беларусі. Майстрыха наведвае разнастайныя фестывалі, у тым ліку двойчы была на свяце ў польскім  Волене, дзе, дзякуючы сваёй творчасці, таксама набыла пэўную вядомасць. Тчэ Людміла Іванаўна і пад заказ. Людзі звяртаюцца з рознымі просьбамі: камусьці трэба чахол на гітару, некаму захацелася шлейкі да рукзака ці фотаапарата ў нацыянальным стылі. Але часцей за ўсё тканым арнаментам майстрыха ўпрыгожвае звычайныя рэчы і адзенне. А паясоў на розны густ увогуле цэлая калекцыя. Дарэчы, пояс даўжынёй у 4 метры Людміла Рулевіч можа саткаць за 2 дні. Падчас работы, калі арнамент пачынае ўжо паўтарацца, рука майстрыхі, як у вершы Багдановіча, тчэ забыўшыся.

Дамашнія Людмілы Іванаўны разумеюць і цалкам падтрымліваюць яе пачынанні, бо самі з’яўляюцца людзьмі творчымі. Сын і пляменнік таксама займаюцца ткацтвам, муж пляце сеткі. Іх сям’я — пастаянны ўдзельнік святаў рамёстваў і іншых фэстаў. Акрамя таго, майстрыха праводзіць майстар-класы, ладзяцца яе персанальныя выставы-продажы. Ёсць у Людмілы Рулевіч і свае вучні, якім яна перадае свае веды і сакрэты ткацтва.

Перыяд найвышэйшага росквіту беларускага ўзорыстага ткацтва прыпадае на канец XIX — пачатак XX ст. Тканыя вырабы гэтага перыяду (абрадавыя ручнікі, традыцыйны касцюм) з’яўляюцца сапраўднай візітнай карткай беларусаў. Яны адлюстроўваюць эстэтычны густ народа, асаблівасці гістарычнага, эканамічнага і культурнага развіцця краіны, узаемаадносіны з культурай іншых этнасаў.       

Вера Буланава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *