IMG_3881 (Small)

Шосты школьны дзень

Актуальное

IMG_3881 (Small)Нягледзячы на тое, што шосты школьны дзень мае ў нашай краіне ўжо больш за дзесяцігадовую гісторыю, усе кропкі над “і” у гэтым пытанні так да канца і не расстаўлены.

  • У адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, — кажа метадыст ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Кацярына Сайкоўская, — работа школ арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага тыдня. Гэта пяць вучэбных дзён, і шосты адводзіцца для правядзення з вучнямі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, іншых выхаваўчых мерапрыемстваў. Таму хадзіць у школу па суботах пажадана і карысна. Іншая справа, што настаўнікам неабходна да дробязей прадумваць, як арганізаваць вольны час для дзяцей і падлеткаў.

А каб шосты дзень быў цікавым і насычаным, працоўныя планы ў школах складаюцца з улікам календара святаў і адлюстроўваюць асноўныя накірункі выхаваўчай работы. Пры гэтым асноўныя — фізкультурна-аздараўленчы і спартыўна-масавы. Кожная другая субота месяца аб’яўлена Днём здароўя. Значную ўвагу ў арганізацыі мерапрыемстваў педагогі надаюць і працоўнаму выхаванню непаўналетніх. Навучэнцы займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, пасадкай дрэўцаў, зборам металалому і макулатуры.

Каб дапамагчы вучням старэйшых класаў з выбарам будучай прафесіі, на суботні дзень плануюцца мерапрыемствы прафарыентацыйнага накірунку, калі школьнікі могуць наведаць альбо да іх наведваюцца прадстаўнікі розных прафесій, а таксама навучальных устаноў, дзе зацікаўлены ў будучых абітурыентах.

Сваю дзейнасць у суботні дзень ажыццяўляюць таксама грамадскія аб’яднанні і арганізацыі — піянерскія і БРСМ. Па суботах праводзіцца шмат асветніцкіх сустрэч па патрыятычным і прававым выхаванні школьнікаў. Асаблівая ўвага надаецца рабоце з адоранымі дзецьмі.

Ёсць у некаторых установах адукацыі і свае адметныя формы работы ў шосты школьны дзень. Так, у СШ №1 і 2, ЦДіМ дзейнічае школа ранняга развіцця для дашкольнікаў, у гімназіі — “Акадэмія Cold” для людзей сталага ўзросту, у Кансталінскай БШ праходзяць паседжанні сямейнага клуба “Вясёлка”.

У любым выпадку, падкрэслівае К. Сайкоўская, перш чым спланаваць суботнія мерапрыемствы, у кожнай школе на пачатку вучэбнага года праводзіцца маніторынг сярод дзяцей і іх бацькоў, высвятляюцца іх прапановы і пажаданні. І ўсё гэта для таго, каб шосты школьны дзень быў для вучняў не толькі карысным, але і насычаным.

Пацікавілася і ў навучэнцаў, ці не лянуюцца яны ў суботу, калі можна адпачыць, зноў ісці ў школу:

Яўгенія Бурачкова, вучаніца 8 класа СШ №1:

  • У суботу ў школу прыходжу з задавальненнем, бо і выспацца можна, і шмат карыснага зрабіць. Наведваю разнастайныя спартыўныя секцыі, удзельнічаю ў інтэлектуальных і творчых мерапрыемствах. Да таго вабіць сустрэча з сябрамі.

Дзмітрый Гарбачэўскі, вучань 10 класа гімназіі:

  • Нам, старшакласнікам, складана наведваць гурткі па інтарэсах. У першую чаргу мы сканцэнтраваны на падрыхтоўцы да экзаменаў і тэстаў, таму ў суботу плённа займаемся. Але, калі выпадае вольная хвілінка, з задавальненнем удзельнічаю ў спартыўных мерапрыемствах, што ладзяцца ў шосты школьны дзень, а таксама дапамагаю сталым людзям у рамках праекта “Акадэмія Gold”.

Безумоўна, педагогі намагаюцца стварыць усе ўмовы, каб навучэнцы маглі цікава і карысна правесці шосты школьны дзень. Але тым не менш вельмі важна, каб у школьнікаў было права выбару. Бо ёсць дзеці, якія мала бачаць сваіх бацькоў на працягу тыдня, і могуць пабыць з імі толькі ў выхадныя дні. Таму, калі ў хлопчыка ці дзяўчынкі ёсць магчымасць застацца дома і правесці з бацькамі паўнацэнны сямейны адпачынак ці дапамагчы ім у той ці іншай справе, то чаму не? Добрая сям’я лепш чым хто выхавае чалавека. А калі, скажам, абставіны складваюцца так, што бацькі ў суботу працуюць ці заняты нейкімі сваімі хатнімі справамі і не могуць удзяліць дзіцяці неабходнай увагі, то апошняму, бясспрэчна, лепш прыйсці ў школу, дзе для яго абавязкова знойдзецца занятак.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: вучні СШ №1 працуюць над бізнес-праектамі падчас гульні “Будучае сёння”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.