IMG_3940

Упарта ідзе да сваёй мэты

Люди

IMG_3940Усе дзеці любяць маляваць, бо гэта дае магчымасць акунуцца ў незвычайны свет фантазій і казак. Але з цягам часу большасць з іх пакідаюць яго і ступаюць у рэальнасць, толькі асобныя і адораныя застаюцца ў чароўным свеце мастацтва.

Так здарылася і з Таццянай Чайкоўскай, вучаніцай 11 класа СШ №1. Яе дзіцячае захапленне паступова перарасло ў патрэбу душы. Яшчэ ў пачатковых класах дзяўчына з задавальненнем стала наведваць студыю выяўленчага мастацтва пры ЦДіМ, дзе пад кіраўніцтвам выдатнага мастака і педагога Галіны Ставіцкай асвойвала азы і сакрэты малявання.

  • Колькі сябе памятаю, — кажа Таня, — столькі і малюю. А бацькі заўсёды мяне падтрымліваюць у гэтым, за што ім вялікі дзякуй.

Трэба адзначыць, што маці Таццяны таксама творчая і крэатыўная натура, якая ўмее бачыць  прыгажосць. Таму яна з радасцю спрыяе развіццю таленту сваёй дачкі.

Дзякуючы спрыяльнай глебе, творчыя здольнасці Таццяны з кожным годам ўсё больш набіраюць моц, раскрываюцца, шліфуюцца, тым самым сцвярджаючы вядомае выслоўе: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. З поспехам дзяўчына штогод удзельнічае ў раённым конкурсе крэатыўнай моды “Марэнга”. Разам з маці яна стварае шыкоўныя эксклюзіўныя мадэлі, якія прыгожая, статная і пластычная Таццяна артыстычна дэманструе на подыуме. Яе дэкаратыўныя вырабы з разнастайных матэрыялаў заўсёды адрозніваюцца арыгінальнасцю, маюць сваю непаўторную іскрынку. Знаходзіць яна час і для заняткаў гімнастыкай, танцамі.

Але ж перавагу дзяўчына аддае маляванню. Арыгінальныя малюнкі ў тэхніцы графікі, пейзажы раскрываюць багаты ўнутраны свет юнай мастачкі. Здаецца, зусім звычайную рэч дзяўчына адчувае і бачыць па-свойму, прапускае праз сваю неардынарную прызму ўспрымання. І на паперы з’яўляюцца нестандартныя цудоўныя вобразы, якія літаральна заварожваюць гледача.

Свой будучы прафесійны шлях дзяўчына вызначыла яшчэ ў дзявятым класе. І, безумоўна, ён будзе звязаны з краінай мастацтва, дзе пануюць капрызныя і зменлівыя Музы. А каб яны не адвярнулася ад чалавека, аднаго таленту мала. Гэта добра разумее і Таццяна, таму мэтанакіраваная дзяўчына настойліва рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт з мастацкім факультэтам.

З пачатку навучальнага года юная мастачка кожныя выхадныя ездзіць у Мінск, дзе займаецца ў мастацкай студыі.

  • Заняткі цягнуцца па 5 — 6 гадзін, — кажа Т. Чайкоўская, — дахаты вяртаюся ў нядзелю апоўначы, а раніцай спяшаюся ў школу.

Зразумела, такі напружаны тэмп вытрымаць нялёгка. Аднак гэтая дзяўчына з тых людзей, для каго запаветная мара становіцца стымулам да дзеяння. Таму яна ўпарта, не шкадуючы свайго вольнага часу, ідзе да мэты.

Хочацца пажадаць Таццяне, каб яе яскравая зорачка таленту ў хуткім часе на ўсю моц заззяла на небасхіле беларускага мастацтва.

Алена Пятушка.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.