IMG_4264

Служба прымусовага выканання на варце інтараэсаў дзяржавы і чалавека

Актуальное

IMG_4264Служба прымусовага выканання бадай самая маладая ў ведамстве Міністэрства юстыцыі. Да студзеня 2014 года яна ўваходзіла ў структуру суда, і толькі два гады таму назад стала самастойнай.

З моманту стварэння раённага аддзела прымусовага выканання яго ўзначальвае Іван Чарняўскі. Спецыяліст з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, ён больш за 10 гадоў адпрацаваў старшым судовым выканаўцам, таму асаблівасці ўскладзеных на яго абавязкаў ведае добра. І сёння свой прафесійны вопыт перадае калегам — судовым выканаўцам Наталлі Кастыговай і Жанне Шылін, справавытворцам Вольге Лявонавай і Анжэле Касарэўскай.

  • Наша прафесія мае пэўную спецыфіку, — кажа І. Чарняўскі, — патрабуе асаблівай акуратнасці ў дакументаабароце, дысцыплінаванасці, адказнасці. Да таго ж трэба быць псіхолагам, знаходзіць падыход да любога чалавека, бо часцей за ўсё нашымі кліентамі становяцца людзі, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі.

Трэба сказаць, што нагрузка на супрацоўнікаў аддзела дастаткова высокая. Штомесяц на кожнага прыпадае каля 200 выканаўчых лістоў. А за імі — асобны чалавек і індывідуальны падыход да яго. Судовыя выканаўцы дасканала вывучаюць сітуацыю, азнаёмяцца з умовамі пражывання і крыніцамі даходаў грамадзяніна. У пэўных выпадках даводзіцца карыстацца інфармацыйнымі базамі розных ведамстваў. Усё гэта патрабуе часу і прафесіяналізму.

Так, за мінулы год супрацоўнікамі раённага аддзела прымусовага выканання было разгледжана 5319 выканаўчых дакументаў на суму каля 5,6 млрд рублёў. Частку з іх удаецца закрыць, не выходзячы з кабінета. Даўжніка вызываюць павесткай і даюць тэрмін для добраахвотнага выканання. Ён прыходзіць с квітанцыяй аб уплаце — і справа разрашана.

  • У асноўным жыхары нашага раёна, — зазначае Іван Нікадзімавіч, — грамадзяне свядомыя і з даўгамі разлічваюцца своечасова. Аднак не ўсе жадаюць ці могуць добраахвотна плаціць па рахунках. З такімі праводзім індывідуальныя гутаркі, тлумачым наступствы іх паводзін.

Іншым разам на нядобрасумленнага грамадзяніна трэба аказаць націск, а для гэтага ў судовых выканаўцаў ёсць дзейсныя рычагі — арышты маёмасці, зняцце грашовых сродкаў з рахункаў тэлефонаў, забарона выезду за межы краіны, пазбаўлення права карыстання пасведчаннем вадзіцеля.

Ёсць у спісе аддзела і даўжнікі, на плячах якіх ляжыць не адзін доўг. Так, на рахунку аднаго такога “героя” 51 выканаўчы дакумент на суму 137 млн рублёў.

Пры такой напружанай працы супрацоўнікам аддзела дзеля справы даводзіцца ахвяраваць асабістым часам, і святло ў іх кабінеце часта гарыць да позняга вечара і ў выхадныя дні.

Стараннасць і добрасумленныя адносіны да сваіх прафесійных абавязкаў браслаўскіх судовых выканаўцаў не засталіся не заўважанымі. Ведамасным абласным упраўленнем за перамогу ў рэгіянальным конкурсе “Лепшы аддзел прымусовага выканання па выніках 2015г.” яны адзначаны дыпломам.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: супрацоўнікі раённага аддзела прымусовага выканання Іван Чарняўскі, Наталля Кастыгова, Вольга Лявонава, Анжэла Касарэўская, Жанна Шыліна.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.