Надзейна ахоўваюць рубяжы

Государственная пограничная политика

IMG_4306Браслаўскі раён — прыгранічны, а гэта мае свае плюсы і мінусы. Да апошніх можна аднесці мігрантаў і кантрабандыстаў, якія даволі часта спрабуюць нелегальна трапіць у Еўропу. Дзяржаўную мяжу ў нашым раёне ахоўваюць ваеннаслужачыя Полацкага пагранічнага атрада. Пра вынікі іх дзейнасці, дасягненні, лепшых вайскоўцаў і іншае карэспандэнт газеты Таццяна Пятушка пагутарыла з начальнікам аддзела пагранічнай службы “Опса” Аляксандрам Бахаўцавым.

— Аляксандр Валер’евіч, якім для пагранічнікаў раёна выдаўся мінулы год. З якімі вынікамі вы ўступілі ў 2016-ы?

— Год выдаўся даволі напружаным. Мы працавалі так, каб стварыць непераадольны бар’ер для парушальнікаў і абараніць законапаслухмяных грамадзян. Пра гэта сведчаць і лічбы. Летась мы затрымалі больш за 50 парушальнікаў мяжы і 260 — пагранічнага рэжыму. У асноўным гэта в’етнамцы, грузіны і расіяне. У параўнанні з 2014 годам колькасць парушальнікаў узрасла на 15%. Таксама падраздзяленнямі, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржаўную мяжу, выкрыта 16 выпадкаў перапраўкі таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 1 млрд беларускіх рублёў. У асноўным гэта тытунёвая прадукцыя.

Да таго ж мы змагаліся з незаконным абаротам зброі, наркотыкаў і кантрабандай, ахоўвалі правапарадак у раёне разам з РАУС, РА КДБ па Віцебскай вобласці, РАНС, інспекцыяй па падатках і зборах, мытнай службай, інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету.

— Служба ваша няпростая, магчыма, які-небудзь мінулагодні выпадак на мяжы вам запоўніўся асабліва?

— Кожны раз, калі пагранічнік адпраўляецца правяраць мяжу ці па трывозе выязджае туды, ён не ведае, чаго чакаць. Выпадкі тут не падобныя адзін на другі і таму цяжка выдзеліць які-небудзь асабліва. Але з чым давялося сутыкнуцца ўпершыню нашым пагранічнікам, так гэта з непадпарадкаваннем іх законным патрабаванням. Два такія выпадкі адбыліся ў мінулым годзе, за што грамадзяне прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама падчас затрымання парушальнікаў пагранічнікам двойчы даводзілася прымяняць табельную зброю.

— Цяпер існуюць пэўныя праблемы з мігрантамі, якія патокамі імкнуцца ў пошуках лепшага жыцця ў краіны Еўропы. Ці нясуць у сувязі з гэтым нашы пагранічнікі службу ва ўзмоцненым рэжыме?

— Цяпер абстаноўка на ўчастку адказнасці АПС “Опса” спакойная і не патрабуе службы ва ўзмоцненым рэжыме. Мы на варце спакою жыхароў краіны 24 гадзіны ў дзень, таму калі будзе неабходна, мы заўсёды гатовы перайсці на ўзмоцнены рэжым нясення службы.

— Аляксандр Валер’евіч, наколькі падраздзяленні раёна забяспечаны неабходным узбраеннем?

— У нас ёсць усё неабходнае для таго, каб трымаць граніцу на замке для парушальнікаў. Да таго ж мы пастаянна папаўняем свой арсенал новай зброяй і перааснашчаемся. Так, толькі ў мінулым годзе замянілі прыборы назірання, следавыя ліхтары і некаторыя аўтамабілі на больш сучасныя. А на ўчастку пэўных падраздзяленняў былі размешчаны новыя мабільныя сігналізацыйныя комплексы, якія дазваляюць выявіць парушальнікаў на подступах да мяжы.

Нават пры самым лепшым тэхнічным узбраенні галоўную ролю адыгрывае чалавечы фактар. Што вы можаце сказаць пра людзей, з якімі даводзіцца выконваць важную дзяржаўную місію — ахову мяжы?

Я ўзначаліў АПС “Опса” толькі напрыканцы мінулага года, але з упэўненасцю магу адзначыць, што асабовы склад даручанага мне аддзялення добрасумленна, з высокім пачуццём адказнасці нясе службу, праяўляе пры гэтым у  адносінах з грамадзянамі тактоўнасць, ветлівасць. Людзі, якія ахоўваюць межы нашай краіны — адны з самых адказных і адданых сваёй справе. Гэта сапраўдныя патрыёты, гатовыя да выканання любых пастаўленых задач. Кожны з пагранічнікаў прыкладвае ўсе намаганні і старанні для таго, каб браслаўчане жылі спакойна і былі ўпэўненыя, што мяжа пад надзейнай аховай. Увогуле ж усе пагранічнікі —вялікая, дружная, згуртаваная сям’я, дзе кожны ўносіць свой уклад у абарону мяжы.

 Аляксандр Валер’евіч, кім ганарыцца ваша служба і з каго можна браць прыклад?

— На выдатна выконваюць свае службовыя абавязкі начальнік паста “Відзы” Павел Мацкевіч, начальнік паста “Карасіна” Віталь Собаль, старшы інспектар паста “Урбаны” Віктар Плясун. Па выніках мінулага года ў органах пагранічнай службы краіны старшына пагранічнай заставы “Плюсы” Дзмітрый Музыка быў прызнаны “Лепшым старшыной падраздзялення”, а яго калега, старшы тэхнік пагранічнай заставы “Плюсы” Пётр Магаліцкі — “Лепшым тэхнікам падраздзялення”.

— Вядома, што толькі сваімі службовымі абавязкамі пагранічнікі не абмяжоўваюцца.

— Сапраўды. Мы цесна супрацоўнічаем з установамі адукацыі, дзе дзейнічаюць 12 гурткоў “Юныя сябры пагранічнікаў”. Разам мы ладзім тэматычныя сустрэчы, спартыўныя мерапрыемствы. У мінулым годзе на базе заставы “Плюсы” ўпершыню прайшло спаборніцтва на лепшы гурток. Будзем спадзявацца, што ў будучым гэтыя дзеці прыйдуць да нас на службу.

Таксама мы актыўна прымаем удзел у мерапрыемствах, акцыях, спартыўных спаборніцтвах, што ладзіць райвыканкам, БРСМ. Не забываем і пра рэспубліканскія акцыі і конкурсы. Адным словам, жывём цікава і насычана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *