Музыку любім усёй душой

Люди

 

IMG_4832

Вось ужо больш за 25 гадоў Ала і Славамір Цітовічы не толькі прывіваюць юным браслаўчанам любоў да музыкі, але і рука аб руку ідуць па жыцці: пабудавалі дом і выхоўваюць трох сыноў — Вячаслава, Уладзіслава і Яўгена. 

— Як пяецца у адной з вядомых песень, музыка нас звязала, — кажуць яны і шчасліва ўсміхаюцца.

Сапраўды, калі даведваешся гісторыю іх сям’і, то пачынаеш разумець, што гэтай сямейнай пары лёсам было наканавана быць разам. Родам з Браслаўшчыны, яны вучыліся ў адной музычнай школе (фотаздымкі абодвух нават віселі на Дошцы гонару), заканчвалі адну і тую ж навучальную ўстанову ў Наваполацку, у адзін год пачалі працаваць у родных мясцінах.

Цяпер гэтую таленавітую сям’ю добра ведаюць у нашым раёне і за яго межамі. Яны часта ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, шоу і канцэртах, пра што сведчыць стос грамат і дыпломаў ад раённага да міжнароднага ўзроўню.  Але вылучаюцца Цітовічы не толькі сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй, але і шчырымі, адказнымі і прафесіянальнымі адносінамі да сваёй працы. З 1990 года не адно пакаленне браслаўчан пад іх уважлівым і клапатлівым наглядам навучылася іграць на музычных інструментах. Вучні па прыкладзе настаўнікаў удзельнічаюць у розных конкурсах і займаюць прызавыя месцы, радуюць сваімі поспехамі родных,  а нярэдка і па заканчэнні Дзіцячай школы мастацтваў выбіраюць прафесію музыканта.

Ала Алёйзаўна выкладае браслаўскім хлопчыкам і дзяўчынкам баян, а Славамір Алегавіч — саксафон і кларнет. Сваёй галоўнай задачай педагогі лічаць прывіццё дзецям любові і павагі да музыкі. Дзеля гэтага карпатліва, дзень за днём раскрываюць ім свае сакрэты музычнага майстэрства, вядуць па загадкаваму свету класічных і сучасных мелодый, імкнуцца ў кожным сваім вучні знайсці  тую самую струнку, якая дазволіць зайграць ім душой і сэрцам. Педагогі ўпэўнены, што дзеці  павінны  займацца музыкай, бо музычныя заняткі развіваюць іх, пашыраюць кругагляд і ўзбагачаюць эмоцыі.

— Лічу, што шмат гадоў назад выбрала для сябе найлепшую прафесію. Пастаянныя ўзаемаадносіны з дзецьмі, адкрыццё новых талентаў. Што можа быць лепшым?  Я люблю калектыў, люблю бачыць вынік сваёй працы. Асабліва ў тыя моманты, калі дзіця знаходзіцца на сцэне і яму апладзіруюць. У такія хвіліны і хвалюешся, і адчуваеш гонар адначасова, — кажа Ала, і яе словы працягвае Славамір: —  Я таксама не ўяўляю для сябе іншую прафесійную дзейнасць, музыку люблю ўсёй душой і цалкам аддаюся ёй. Хочацца перадаць як мага больш дзецям свае веды і ўменні.

Гледзячы на такіх апантаных педагогаў, якія захоплена распавядаюць пра сваю справу, адчуваючы які ідзе ад іх моцны імпульс натхнення і творчасці,  радуешся за іх вучняў. Абаяльныя, таленавітыя і добрасумленныя, заўсёды з усмешкай, яны закаханыя ў музыку і яна адказвае ім ўзаемнасцю.

Алена Набеева.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *