Майстэрства цеплыні

Актуальное

IMG_5177Вязанне — адзін з самых старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які існуе больш за тры тысячы гадоў. Цікава, што напачатку яно было толькі мужчынскім рамяством і толькі пазней, калі шырока распаўсюдзілася, ім сталі займацца жанчыны. Першая ў раёне выстаўка, прысвечаная гэтаму старажытнаму занятку адбылася ў мінулую нядзелю у Музеі традыцыйнай культуры.

Мерапрыемства “Майстэрства цеплыні” сабрала шмат прыхільнікаў вязання. Яго прыгожая назва мела двайны сэнс. Як патлумачыла кіраўнік клуба “Ля возера” Наталля Парахневіч, па-першае, рэчы, якія вяжуцца, нас саграваюць, а па-другое —утрымліваюць цяпло сэрцаў і думак майстроў, якія іх робяць. Мерапрыемства было ўмоўна падзелена на тры часткі. Першая прысвячалася вязаным вырабам, якія захоўваюцца ў фондах музея. Наведвальнікі выстаўкі мелі магчымасць пазнаёміцца з тым, як вязалі нашы бабулі і прабабулі, якім вырабам, колерам і тэхнікам вязання яны аддавалі перавагу. У другой частцы дэманстраваліся рэчы, зробленыя ў сучаснасць. Трэцяя ж была прысвечана конкурсу вязаных вырабаў, які праводзіўся ў рамках выстаўкі.

Кожная з частак выстаўкі па-свойму цікавая. Адзенне, абрусы, подсцілкі, сурвэткі, шалі розных колераў, памераў і формаў. За кожным вырабам — свая гісторыя ўзнікнення. Падчас адкрыцця выстаўкі была магчымасць пазнаёміцца з аўтарамі рэчаў, якія былі прадстаўлены на ёй, а таксама ўдзельнікамі конкурсу. Так, Людміла Еўдакімава захапляецца ірландскімі карункамі. Яе вырабы надзвычай прыгожыя, лёгкія і вытанчаныя. Захапілася вязанням жанчына ад удзельніц клуба “Ля возера”. Алена Пятрова займаецца гэтым рамяством вельмі даўно, некалі асновам вязання яе навучыла маці. Жанчына вязала сумкі, пальчаткі, рознае адзенне, але перавагу ўвесь час аддавала рукавіцам. На конкурс яна прадставіла бела-чырвоны камплект з шапкі і рукавіц, які прысвечаны Дню закаханых. Стаж прыхільніцы вязання Вольгі Лакотка больш за 20 гадоў. На конкурс яна прынесла дзіцячы камплект “Для Марыны”. Яго яна звязала ў 2003 годзе, калі нарадзіла сваю дачушку.  З таго часу ён захоўваецца ў сям’і, як своеасаблівы абярэг.

Падчас адкрыцця выстаўкі яе наведвальнікі мелі магчымасць прагаласаваць за любы ўпадабаны вязаны выраб. Па меркаванні большасці, пераможніцай конкурсу стала Людміла Еўдакімава.

Трэба адзначыць, што арганізатары выстаўкі як заўжды арыгінальна падышлі  да афармлення. На гэты раз, пасля прагляду рэчаў, можна адпачнуць і сфатаграфавацца на лавачцы, якая таксама “апранута” ў вязаныя вырабы, пад раскідзістым дрэўцам, на якім замест лісточкаў, распусціліся шматлікія вязаныя сувеніры. Застаецца дадаць, што выстаўка будзе працаваць да 15 сакавіка.

Алена Набеева.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *