“Зорны паход” завітаў на Браслаўшчыну

Актуальное

IMG_5027 (Small)Кожны год самыя актыўныя, ініцыятыўныя, творчыя студэнты і выкладчыкі БДПУ імя М. Танка працягваюць добрую традыцыю і адпраўляюцца ў “зорны паход” па месцах баявой і працоўнай славы. Сёлета яны вырашылі прысвяціць сваю 4-дзённую вандроўку Году культуры. Так, больш за 200 чалавек з 7 атрадаў накіраваліся ў розныя рэгіёны Беларусі. Адзіным раёнам Віцебшчыны, у які завітаў “зорны паход”, стаў Браслаўскі.

Гэта не першы падобны візіт студэнтаў у наш край. Прыязджалі да нас будучыя фізікі і матэматыкі, настаўнікі дашкольнай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Апошні “зорны паход” завітаў да нас у 2012 годзе. І вось зноў гасцінна і ветліва сустрэла Браслаўшчына будучых педагогаў, на гэты раз — псіхолагаў. У складзе атрада “Новы погляд” — 19 студэнтаў першых-пятых курсаў і два выкладчыкі. Маладыя і ініцыятыўныя, яны аддалі перавагу не канікулам і вольнаму часу, а цікавай вандроўцы па нашым мясцінам.

Чатыры дні, праведзеныя ў раёне, былі насычаны падзеямі і мерапрыемствамі. Студэнты атрада “Новы погляд” аб’ехалі шэраг устаноў адукацыі, дзе ладзілі канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, трэнінгі і іншыя мерапрыемствы.

У адзін з дзён студэнты завіталі ў Браслаў. І хоць надвор’е было не надта добрае, а горад сустрэў гасцей дажджом, гэта не сапсавала настрой каманды “Новы погляд”. Спачатку яны завіталі ў яслі-сады №1 і №3, дзе іх ужо чакалі выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту. Для іх атрад падрыхтаваў анімацыйную праграму, правёў спартландыю. Як адзначылі студэнты, дзякуючы дзецям, якія падарылі шмат усмешак  і пачуццё дзіцячай непасрэднасці, яны зарадзіліся станоўчай энергіяй на ўвесь дзень.

Канцэртам “Васільковае неба” будучыя педагогі парадавалі наведвальнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а потым змаглі пагутарыць і падзяліцца ўражаннямі ад Браслаўшчыны за кубачкам гарбаты.

Насычаным быў і візіт у гімназію. Невялікая экскурсія, якую падрыхтавалі вучні, пазнаёміла гасцей з гісторыяй установы, напрацоўкамі ў накірунку міжнародных адносін, экалагічнага выхавання, устойлівага развіцця і іншым. Студэнты засталіся ў захапленні і ад такога прыёму. А лепшай падзякай за гасціннасць сталі рознабаковыя псіхалагічныя трэнінгі і інтэрактыўная віктарына, якую яны правялі для старшакласнікаў гімназіі, СШ №1 і СШ №2.

Пазней студэнты сустрэліся з вучнямі школ горада ў РЦК і падарылі гледачам канцэртную праграму “БДПУ — будучыня пачынаецца тут”.  Студэнты прадэманстравалі, што яны здольны не толькі выдатна вучыцца, але і валодаюць рознымі талентамі. Бурнымі апладысментамі браслаўчане сустракалі кожны выхад студэнтаў на сцэну з песнямі, танцамі, вершамі. Найбольш жа спадабаліся ўсім жарты каманды КВЗ універсітэта. Дарэчы, падтрымаць сваіх студэнтаў у гэты дзень прыехаў і дэкан факультэта псіхалогіі Дзмітрый Дзьякаў. Завітаў ён і на канцэрт, падчас якога адрасаваў арганізатарам словы ўдзячнасці за гасцінны прыём, нагадаў, што школьнікаў заўсёды чакаюць у сценах БДПУ і факультэта псіхалогіі ў прыватнасці, а таксама падарыў сувеніры начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Івану Абаровічу. Ён у сваю чаргу падкрэсліў, што на Браслаўшчыне заўсёды рады ўдзельнікам “зорнага пахода” і чакаюць у госці і ў наступныя гады.

Апошні дзень на Браслаўшчыне студэнты правялі ў Відзаўскай школе, дзе са старшакласнікамі правялі псіхалагічныя трэнінгі і прафарыентацыйную праграму.

Напрыканцы вандроўкі па нашым краі ўдзельнікі паходу — намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта псіхалогіі Юлія Строгая і выкладчык кафедры замежных моў Дзмітрый Качэрга з задавальненнем падзяліліся сваімі ўражаннямі:

— За чатыры дні знаходжання на Браслаўшчыне ўдзельнікі паходу рэалізавалі мноства цікавых ідэй і даведаліся шмат новага пра раён. З першага і да апошняга дня мы адчувалі гасціннасць вашых людзей, удзячны мы і за цёплы прыём. Праграма нашай вандроўкі была насычанай, у нас амаль не было вольнага часу, але гэта нас толькі радавала і пакінула прыемныя ўражанні. Мы змаглі рэалізаваць усё задуманае: паказалі што ўмеем, правялі прафарыентацыйную работу. Дзякуем за гэта аддзелу адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікам устаноў, педагогам і ўсім, хто так цудоўна нас прымаў. Будзем спадзявацца, што сюды вернемся яшчэ не раз.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *