Дзень закаханых у Браславе

Акции, конкурсы, выступления Выставки

image (6)14 лютага ў Браславе адбылося некалькі цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных дню ўсіх закаханых. Прыняць удзел у іх мог кожны жадаючы, бо яны актыўна анансаваліся праз нашу газету і сацыяльныя сеткі.

Так, работнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў запрашалі паўдзельнічаць у незвычайнай сямейнай акцыі “Музей для дваіх”.  На працягу некалькіх тыдняў можна было сфатаграфавацца ў адным з музеяў і адправіць фотаздымак на ўдзел у конкурсе. Для падвядзення вынікаў удзельнікі былі запрошаны 14 лютага ў Музей традыцыйнай культуры. Там, у рамантычнай абстаноўцы, былі аб’яўлены пераможцы. Імі стала сям’я Сяргея і Ірыны Садоўскіх. Яны атрымалі падарунак ад спонсара акцыі — кафетэрыя “Ит-пицца” — піццу ў выглядзе сэрца. Таксама былі названы ўладальнікі прыза глядацкіх сімпатый — сям’я Юрыя і Таццяны  Жэрко. У гэты дзень без увагі не засталіся і астатнія канкурсанты. З пажаданнямі дабрабыту і шчасця ім былі ўручаны сямейныя абярэгі, зробленыя таленавітымі браслаўскімі майстрамі.

Па-свойму падышлі да дня святога Валенціна супрацоўнікі РФСК “Дрывяціч”. Яны запрасілі браслаўчан згуляць у парны бадмінтон пад адпаведнай назвай “Спартыўны Валянцін”. На прапанову спартсменаў адгукнуліся сем пар, адна з іх нават прыехала з Міёр. У вясёлай і сяброўскай атмасферы некалькі гадзін праляцелі незаўважна, а перамагла ў спаборніцтвах  маладая сям’я Анатоля і Ірыны Умпіровіч з Браслава.

Раённы цэнтр культуры таксама не застаўся ўбаку ад рамантычнага дню. Ён павіншаваў браслаўчан са святам сямейнай камедыяй пра каханне. У гэты дзень на сцэне РЦК адбываўся паказ спектакля “Любовь и голуби” ў пастаноўцы артыстаў Браслаўскага народнага тэатра.

Алена Набеева.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *