IMG_4179

Вайна вачыма салдата

Актуальное

IMG_4179З успамінаў Яўгена Падагеля, цяпер вадзіцеля філіяла ВУ “Браслаўгаз”:

  • Ведаў, што буду служыць у дэсанце, бо да арміі займаўся на курсах у Віцебскім ДТСААФ, дзе зрабіў тры скачкі з парашутам. Павестку ў армію атрымаў у лютым 1984 года, а вайсковую навуку спасцігаў у г. Фергане Узбекскай ССР. Усе навабранцы разумелі, што адсюль адзін шлях — ў Афганістан. Бацькам вырашыў праўду не пісаць. І ўвесь тэрмін маці была ўпэўнена, што служу ў Чэхаславакіі.

Было вельмі цяжка: штотыдзень — шасцікіламетровы крос, спецыяльныя заняткі, скачкі з парашутам. Жылі ў летніх модулях, мокрае адзенне сушылі пад матрацам. Прыходзілася пакутаваць і ад “дзядоў”.

На аэрадроме ў Кабуле сустрэліся з “дзембелямі”, якія расказалі нямала жахлівых гісторый. З жудасцю слухаў іх, а пра сябе думаў: вы жывыя і я выжыву.

Самымі цяжкімі былі першыя тры месяцы службы. Ноччу нават у прыбіральню баяліся выйсці — раптам душманы пракраліся на тэрыторыю часці. Служыў у эвакуацыйнай роце. Побач з месцам бою маскіравалі машыну, рылі акопы, потым выносілі параненых і забітых. Спачатку асаблівага жаху не было, ён з’явіўся недзе за паўгода да звальнення. А перажыванняў хапала, бо даводзілася вазіць параненых без рук і ног, а яны ўсю дарогу просяць іх застрэліць. Таму і прыйшоў дахаты з сівой галавой.

У Афгане пастаянна ездзілі на стрэльбішча. Уразіла поўная адсутнасць кантролю за боепрыпасамі: бяры, што хочаш і колькі хочаш.  Часта сустракаліся  з мясцовай дзетварой , якія ўвесь час спрабавалі што-небудзь сцягнуць.

У лютым 1986 г. звольнілі ў запас. Загрузілі 300 чалавек у ІЛ-76 і даставілі ў Ташкент, адтуль — на Маскву, а потым на Мінск.

У дзень майго прыезду маці раніцай на кані накіравалася на працу, але раптам вырашыла вярнуцца. Прыязжае дахаты, а я ўжо на парозе.

Адносіны да тых падзей? Лічу, не дарэмна нас туды накіравалі. І па сённяшні дзень ганаруся, што годна выканаў свой абавязак.

Яўген Падагель узнагароджаны медалем “За адзнаку ў вайсковай службе” ІІ ступені і знакам ЦК УЛКСМ “Воінская доблесць”.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.