Адкрылі  сэрцы для дабрыні

Общество

IMG_3904-2 (Small)З даўніх часоў адзначаюць вернікі Нараджэнне Хрыстова, нездарма яго называюць “маці ўсіх свят”. Хрысціяне ў памяць пра гэтую светлую падзею збіраюцца ў храмах, адкрываюць свае сэрцы для дабрыні, дапамогі, ладзяць урачыстыя мерапрыемствы. Вось і ў мінулую нядзелю браслаўчане сабраліся ў Раённым цэнтры культуры на традыцыйную Калядную сустрэчу, якая была асветлена радаснай падзеяй — прыездам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія.

Удзельнікі мерапрыемства адчулі святочную атмасферу яшчэ ў фае: там працавалі тэматычныя выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва цэнтра дзяцей і моладзі і вырабаў народнай творчасці “Калядныя ўзоры” музея традыцыйнай культуры. Адмысловыя карціны з зімовымі сюжэтамі, папяровыя анёлы, ёлачкі, стракатыя рукавічкі, лялькі і  традыцыйная калядная каза захаплялі багаццем фарбаў і ўмельствам майстроў.

Калядная сустрэча, як і заўсёды, выклікала цікавасць браслаўчан, таму зала РЦК была поўнасцю запоўнена. Уладыка Феадосій пажадаў прысутным  Божай дапамогі ў справах, павіншаваў усіх з вялікімі святамі душы, любові і міласэрнасці — Наражэннем Хрыстовым і Богаяўленнем. Ён адзначыў, што, хоць святы ўжо прайшлі, расставацца з імі не хочацца. Таксама архіепіскап звярнуўся да браслаўчан з традыцыйным словам-казаннем. Уладыка Феадосій закрануў тэму шчасця і заўважыў, што многія людзі і нават краіны, на жаль, памылкова разумеюць яго сутнасць, гоняцца за ўяўнымі каштоўнасцямі і ў выніку  перажываюць сёння крызіс, забыўшыся пра духоўнасць. Ён працытаваў радкі з Евангелля: “Шукайце перш за ўсё Царства Божага, а астатняе будзе дадзена вам”, нагадаў, што беларусам, якія жывуць у міры і спакоі, ёсць за што цаніць сваю краіну і яе кіраўніцтва.

З прывітальным словам выступіў і старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі. Ён адзначыў, што для жыхароў раёна вялікі гонар прымаць архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія на Браслаўшчыне. Калядныя сустрэчы з уладыкам сталі добрай традыцыяй, а яго пропаведзі — важнымі жыццёвымі ўрокамі. Разам са шчырымі  пажаданнямі поспехаў у выкананні высокай духоўнай місіі кіраўнік раёна ўручыў архіепіскапу кветкі. Атрымаў ганаровы госць і калядны падарунак, зроблены рукамі таленавітых браслаўскіх дзяцей, — анёла-ахоўніка.

Сустрэча прадоўжылася канцэртнай праграмай. Артысты рознага ўзросту, сярод якіх былі навучэнцы нядзельнай школы, выхаванцы ЦДіМ, дзіцячай школы мастацтваў, гурткоў РЦК, вядомыя браслаўскія салісты, стварылі ў зале сапраўды святочную, узнёслую атмасферу. А папяровыя анёлы, якіх маленькія артысты напрыканцы мерапрыемства падарылі гледачам, сталі сімвалам веры і дабрыні.

Жанна Бялько.

Фота аўтара.

 

На здымку: Ганаровыя госці аглядаюць выставу.