Урачыстасць для мужных духам

Главное

IMG_4842 (Small)У тых людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё прафесіі выратавальніка і паабяцалі быць мужнымі, адданымі справе, дапамагаць людзям у іх бядзе, не так многа спакойных і бесклапотных дзён. Аднак у календары падзей ёсць дата 19 студзеня — прафесійнае свята супрацоўнікаў МНС, калі яны абавязкова збіраюцца разам, каб пачуць у свой адрас віншаванні, падвесці вынікі і адзначыць лепшых у службе.

На мінулым тыдні на ўрачыстасць, прысвечаную прафесійнаму святу, у РЦК прыйшлі выратавальнікі, іх сем’і, ветэраны службы, сябры і знаёмыя. Атмасфера ў зале была святочная, добразычлівая, шчырая і ўрачыстая адначасова.

У гэты дзень усе віншаванні і словы падзякі былі для іх, мужных духам людзей. Ад імя раённай ўлады калектыў Браслаўскага РАНС павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Пліско. Ён з прывітальным словам звярнуўся да прысутных, падкрэсліў важнасць прафесіі выратавальніка, для якога рызыка — звычайная штодзённая работа, а таксама пажадаў усім поспехаў, здароўя і дабрабыту і ўручыў узнагароды ад райвыканкама лепшым супрацоўнікам.

Начальнік РАНС Сяргей Сачыўка не толькі павіншаваў калег са святам, але і спыніўся на буднях сённяшніх выратавальнікаў. Так у РАНС ёсць пэўныя поспехі па выніках работы за мінулы год. У раёне адбыліся 22 пажары, што на 13 менш, чым у 2014-м годзе. Менш загінула і людзей у іх. А шкода, прычыненая пажарамі, склала больш за 1 млрд рублёў, што ў 2 разы менш, чым у 2014 годзе. Зараз у Браслаўскім РАНС нясуць службу каля 70 чалавек, у іх на ўзбраенні ёсць 8 адзінак асноўнай і рэзервовая тэхніка, а таксама ўвесь неабходны інвентар, каб дапамагчы чалавеку ў час пажару ці іншай надзвычайнай сітуацыі. У калектыве ганарацца такімі супрацоўнікамі як Павел Радзэвіч, начальнік паста №12; Міхаіл Лабуць, камандзір аддзялення ПАВЧ №1; Сяргей Максімовіч, вадзіцель ПАВЧ №1; Сяргей Ігнац’еў, старшы пажарны ПАВЧ №1. Лепшае ж падраздзяленне па выніках мінулага года — пост №12 у агр. Дрысвяты. Начальнік РАНС яшчэ раз павіншаваў тых, хто пры любых умовах, у любы час сутак і пры любым надвор’і спяшаецца на дапамогу і перамагае ў барацьбе з любой стыхіяй.

Пад апладысменты калег узнагародамі былі адзначаны лепшыя з лепшых: нагрудным знакам “Выдатнік МНС” вадзіцель паста  №14 Уладзімір Жусель, юбілейным медалём “15 год органам і падраздзяленням, падначаленым МНС” начальнік каравула ПАВЧ №1 Іван Бялусь, граматай МНС камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Віталь Вайткевіч. Гэты мужныя выратавальнікі з’яўляюцца прыкладам для сваіх саслужыўцаў.

Шчырая падзяка прагучала і ў адрас ветэранаў службы. А ад імя былых супрацоўнікаў РАНС прысутных павіншаваў старшыня ветэранскай арганізацыі РАНС “Выратавальнік” Вячаслаў Вышаткевіч.

Віноўнікі ўрачыстасці атрымалі і музычныя падарункі. Святочны настрой ім падарылі артысты РЦК. А пажаданні і словы ўдзячнасці браслаўскім выратавальнікам гучалі яшчэ доўга.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.