Узнагароджаны за якасць прадукцыі

Новости

IMG_4860 (Small)Прадпрыемствы харчовай прамысловасці адны з самых масавых у Беларусі. Іх налічваецца больш за 2700, і сустракаюцца яны паўсюдна на тэрыторыі краіны. На Браслаўшчыне гэта галіна прадстаўлена філіяламі адкрытых акцыянерных таварыстваў — хлебазаводам Віцебскхлебпрама, сырзаводам і Браслаўрыбай Глыбоцкага МКК. І дарэчы будзе сказаць, што прадукцыя мясцовых вытворцаў не згубілася ў шматлікім патоку тавараў і карыстаецца попытам не толькі на ўнутраным рынку, вылучаецца адметнымі смакавымі якасцямі і натуральным складам. Пра яе выдатную якасць можа сведчыць і плённасць удзелу браслаўскіх харчавікоў у разнастайных конкурсах.

Так, яшчэ параўнальна нядаўна рэканструяваны сырзавод выпусціў першую партыю сваёй прадукцыі, а сцены кабінета дырэктара філіяла ўжо ўпрыгожваюць шматлікія дыпломы, апошні з якіх — за перамогу сыроў “Гройцэр” і “Пашахонскі асаблівы” ў конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь за 2014 год”. Увогуле ж завод выпускае да 35 відаў сырнай прадукцыі, амаль 80% якой пастаўляецца на экспарт. Вось і ў студзеньскія дні сыраробы адгрузілі яе 80 тон на Расію на агульную суму 65 млрд руб.

А ў верасні мінулага года браслаўскія ўмельцы хлебнай справы атрымалі высокую ацэнку журы на адзінаццатым рэспубліканскім аглядзе-конкурсе хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2015”. З 338 узораў прадукцыі, прадстаўленых хлебапёкамі з розных рэгіёнаў Беларусі, батон “Браслаўскі новы”, пончыкі “Бярэзінскія”, бісквітны рулет “Медэя” ванільны, сухары магілёўскія “Сняжынка”, торт “Ноч Усходу” — усё, што заявілі майстры з браслаўскага хлебазавода ў пяці намінацыях, было адзначана залатым медалём.

І на рэспубліканскім конкурсе кансерваванай прадукцыі “Крыштальны яблык-2015” касервы, якія вырабляе Браслаўрыба, таксама не засталіся па-за ўвагай журы: “Шпроты ў масле з балтыйскай кількі” атрымалі дыплом пераможцы ў намінацыі “Мясныя, рыбныя, мяса- і рыба-раслінныя, раслінныя, раслінна-мясныя і раслінна-рыбныя кансервы”.

Тэкст і фота Казіміра Пятушкі.

На здымку: Начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Шапялюк і вядучы інжынер-тэхнолаг філіяла “Браслаўрыба”Алена Барткун са шпротамі, маркіраванымі знакам “Крыштальны ябык”.