Праявілі інтэлектуальныя здольнасці

Главное

IMG_4863 (Small)Нядаўна завяршыўся абласны этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сярод вучняў школ. Штогод самыя разумныя і адораныя дзеці збіраюцца для таго, каб праверыць свае веды і разам з тым даказаць, што менавіта яны годныя заняць месца ў камандзе, якая выступіць у рэспубліцы.

Юныя браслаўчане таксама актыўна ўключыліся ў алімпіядны рух. Увогуле ж папярэднічала гэтаму карпатлівая праца і саміх адораных вучняў, і іх не менш таленавітых настаўнікаў. Як заўсёды, канкурэнцыя на абласной алімпіядзе была сур’ёзная. Тым не менш нашы школьнікі вярнуліся з абласнога этапу з 5 дыпломамі.

Вось ужо 6-ы год удзельнічаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах па гісторыі вучань 11 класа Дрысвяцкай школы Валянцін Любінскі і яго настаўніца Аліцыя Прахарэнка. Сёлета хлопец заваяваў дыплом 2 ступені, крыху саступіўшы канкурэнтам. Увогуле ж Валянцін не раз выступаў не толькі на абласным, а і рэспубліканскім этапах, сапернічаў нават са старэйшымі школьнікамі. Валянцін заўсёды вяртаўся адтуль у прызёрах. Вось і сёлета ён у чарговы раз даказаў, што гісторыя — яго прызванне, якому ён прысвячае ўвесь вольны час.

Традыцыйна паспяхова выступаюць на абласным этапе юныя матэматыкі Браслаўшчыны, хоць канкурэнцыя па гэтым прадмеце самая моцная. Сёлета з дыпломам 3 ступені па гэтым прадмеце вярнуўся 10-класнік гімназіі Максім Мацкевіч. Хлопец выдатна вучыцца па ўсіх прадметах, але перавагу аддае самаму складанаму — матэматыцы. Ён разам са сваім настаўнікам і татай Дзмітрыем Мацкевічам таксама не першы год пакарае прыступкі алімпіяды, і, трэба прызнацца, паспяхова. Былі ў Максіма і раней прызавыя месцы ў абласным этапе.

Выніковай стала алімпіяда па матэматыцы і для вучня 10 класа СШ №2 Дзяніса Папакуля. З вобласці ён вярнуўся з дыпломам 3 ступені. Разам з настаўнікам Марыяй Раўко яны таксама не першы год у пераможцах і сёлета ў чарговы раз даказалі, што могуць пазмагацца за званне лепшых у вобласці.

Агульную скарбонку ўзнагарод папоўніла і вучаніца 10 класа Ахрэмаўскай школы Алеся Багдановіч. Яна паказвае добрыя вынікі па беларускай мове, чым радуе свайго настаўніка Валянціну Мядзведзь. Дзяўчына ў чарговы раз даказала, што выдатна ведае родную мову, калі прывезла дыплом 3 ступені. Для Алесі гэта першая такая значная перамога, будзем спадзявацца, не апошняя.

З дыпломам 3 ступені вярнуўся з алімпіяды па тэхнічнай працы і вучань 10 класа Опсаўскай школы Уладзіслаў Жусель, чым парадаваў свайго настаўніка Леаніда Стрыновіча. Для хлопца, які сур’ёзна захапляецца тэхнічнай працай, гэта першая перамога. Ганарацца сваім вучнем і ў школе, бо тут даўно не было прызёраў алімпіяд.

Як зазначыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Купрыянава, перамога даставалася нялёгка. Алімпіядныя заданні былі складаныя, патрабавалі ад школьнікаў умення граматна выкладаць сваю думку, ведання прадмета. Дзеці, безумоўна, актыўна рыхтаваліся самі, і штодзённа рупліва вывучалі прадмет разам з настаўнікамі.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.

У гэтым навучальным годзе 25 вучняў з 8 школ раёна пазмагаліся за перамогу на абласным этапе алімпіяды. Свае веды яны дэманстравалі па 11 прадметах. У выніку браслаўчане вярнуліся з 5 дыпломамі (адзін — 2 ступені і чатыры — 3 ступені).