Справа майстра баіцца

Люди

IMG_3747 (Small)Бадай, мала хто можа пахваліцца такім стажам работы, які мае за плячамі Іван Іосіфавіч Ермалёнак. З 1958 года ён нязменна працуе цесляром у АТП №18. І ў свае амаль 82 гады яшчэ мае дакладны вакамер, трывала трымае ў руках цяслярскія і сталярныя інструменты. Дарэчы, яны ў яго сталярцы размешчаны, нібы фігуры на шахматнай дошцы: рубанкі, стамескі, адвёрткі, малаткі ды нажоўкі строга знаходзяцца на сваім асобным месцы. Што Іван Іосіфавіч беражэ грамадскую маёмасць як зрэнку вока, можа сведчыць такі цікавы факт: у адмысловым стане яму і сёння спраўна служыць алмазны шкларэз, якому больш за 30 гадоў.

Майстэрства апрацоўваць лесаматэрыялы, злучаць іх у патрэбныя канструкцыі І. Ермалёнак пераняў ад бацькі. І калі пасля армейскай службы ў Германіі выпадкова даведаўся, што аўтатранспартнаму прадпрыемству патрэбен цясляр, уладкаваўся туды на працу. Так і звязаў з гэтым прадпрыемствам 58 гадоў свайго жыцця. Яшчэ старая аўтабаза будавалася з непасрэдным яго ўдзелам — цясляр крыў дахі, устанаўліваў вокны і дзверы. І падчас пераезду на новую без яго майстроўскіх рук таксама не абышлося — у майстэрнях самастойна выканаў усе неабходныя сталярныя работы.

Кіраўніцтва АТП №18 вельмі задаволена ўмельствам і стараннасцю І. Ермалёнка. Пры гэтым дырэктар прадпрыемства Мікалай Курэц заўважае, што Іван Іосіфавіч — майстар на ўсе рукі. Ні кантраляваць, ні прыспешваць яго ніколі не трэба, бо што даручана, будзе выканана выдатна і ў пару. Таму з году ў год і падаўжае з ім працоўны дагавор.

Сам жа І. Ермалёнак кажа:

  • Жонка даўно ўгаворвае пайсці на адпачынак, але я ні хвіліны не магу сядзець без справы.
  • Тэкст і фота Казіміра Пятушкі.