Гасцінна прынялі братоў-славян

Главное

IMG_3701 (Small)Кожны народ мае свой характар, свае асаблівасці, якія адрозніваюць яго ад іншых нацый. Напрыклад, англічане вельмі стрыманыя і ніколі не паказваюць сваіх эмоцый. Немцы — педанты. Італьянцы — запальчывыя. А вось беларусаў адрознівае гасціннасць і талерантнасць.

Яшчэ раз давялося ў гэтым ўпэўніцца падчас наведвання сям’і Брэслаўскіх з Украіны, што цяпер жывуць ў в. Вайнюны.

У невядомы шлях з пасёлка ў Луганскай вобласці яны выправіліся ў лістападзе 2014 года. Сабралі самыя неабходныя рэчы ў дарожныя сумкі, пакінулі ўласны дом і маёмасць, на аўтобусе даехалі спачатку да Харкава, адтуль на цягніку да Мінска, а з беларускай сталіцы прыехалі ў Маладзечна да сваіх сяброў.

Вось тут шматдзетная сям’я Таццяны і Сяргея і адчула добразычлівыя рысы характару беларусаў.

  • Мы нават здзівіліся, — з удзячнасцю кажа Т. Брэслаўская, — калі незнаёмыя людзі пачалі прыносіць нам прадукты, адзенне, посуд, мэблю. Такіх адносін да сябе ніяк не чакалі.

ГА “Чырвоны Крыж” і дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” таксама працягнулі трывалую руку дапамогі гаротнікам.

Тым не менш у гэтым горадзе для бежанцаў не знайшлося жылля, і яны выправіліся ў Відзы, дзе жыве далёкая сваячка Сяргея. Адразу адміністрацыя ААТ “Агравідзы” выдзеліла Брэслаўскім дом, бацьку сям’і прыняла ў сваю гаспадарку трактарыстам, дапамагла з палівам. Старэйшая дачка Ганна і сярэдні сын Даніла пайшлі ў Відзаўскую сярэднюю школу. А маці даглядае маленькую Варвару і ў спакойнай абстаноўцы, без стрэлаў і выбухаў, гатуе сваім дамачадцам розныя стравы.

Безумоўна, у пакоях вымушанага жылля няма шыкоўнасці, але неабходнай мэбляй і спраўнай бытавой тэхнікай сям’я забяспечана. І зноў хочацца аддаць даніну павагі сваім суайчыннікам, бо ўсё гэта Брэслаўскія маюць дзякуючы іх шчырасці душы.

За гэты час сям’я паспела абжыцца, восенню сабралі свой першы беларускі ўраджай.

  • Вельмі добра ўрадзіла бульба, — кажа Таццяна, — а вось таматы, так як на радзіме, на жаль, не паспяваюць.

Уразіла ўкраінцаў і наша цудоўная прырода, пышныя і багатыя на дары лясы, вялікае люстра возера Дрывяты. Цішыня і спакой адсунулі цяжкія ўспаміны страляніны, хованак у склепе, жудасныя звесткі пра смерць знаёмых, нястачу хлеба.

Як жа цяжка прымусіць сябе адарваць ад родных каранёў і зачапіцца на новым незнаёмым месцы. Але ўсе гэтыя жыццёвыя перепетыі апраўдваюцца ў поўнай меры ад трывалай свядомасці, што твае дзеці смела гуляюць пад мірным блакітным небам.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

Сям’я Брэслаўскіх у сваім новым доме.