Вынікі дзейнасці: праблемы і перспектывы

Главное

IMG_4848 (Small)Нядаўна ў Браслаўскім РАУС падводзілі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці летась і акрэслівалі планы на год бягучы. Пра стан законнасці ў раёне, службу і яе вынікі ў інтэрв’ю карэспандэнту “Браслаўскай звязды” Таццяне Пятушка расказаў начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка.

— Вячаслаў Віктаравіч, у цэлым якім выдаўся мінулы год для калектыва, які вы ўзначальваеце? Якія вынікі дасягнуты?

— Для аддзела 2015 год — час напружанай работы. Асноўныя намаганні былі накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў, як самы эфектыўны рычаг супрацьдзеяння злачыннасці, таксама на папярэджванне п’янства, супрацьдзеянне злачынствам, і ўвогуле на забеспячэнне аховы грамадскага парадку. Мы па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаем з насельніцтвам, удасканальваем работу са зваротамі грамадзян, падтрымліваем высокі ўзровень аператыўнасці рэагавання.

— Калі звярнуцца да лічбаў, ці можна сказаць, што вашаму калектыву ўдалося захаваць тэндэнцыю да скарачэння злачыннасці ў раёне, якая намецілася з 2011 года?

— На жаль, у мінулым годзе адзначаны рост колькасці правапарушэнняў і злачыннасці. Усяго ў 2015 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 172 злачынствы, што на 26 больш, чым у 2014-м. Значны рост адбыўся за кошт правапарушэнняў, што выявілі супрацоўнікі мытні і пагранічнікі. Аднак у сярэднім, на кожныя 10 тысяч насельніцтва раёна, прыйшлося 64,4 злачынства (пры сярэднеабласной лічбе 94,3) і гэты паказчык у нас адзін з самых нізкіх у вобласці.

Найбольшая колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў прыйшлася на снежань мінулага года.

Дарэчы, па лініі крымінальнага вышуку злачыннасць знізілася. Нам удалося дабіцца зніжэння наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, не дапушчана згвалтаванняў, вымаганняў. У той жа час стала больш грабяжоў, разбояў, махлярстваў, цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Зарэгістраваны 3 наўмысныя забойствы (у 2014 годзе адно). За справаздачны перыяд 68,3% злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку раскрыты.

— Звычайна, самым распаўсюджаным правапарушэннем з’яўляюцца крадзяжы. Ці стала іх менш?

— Так, найбольшую ўдзельную вагу ад колькасці злачынстваў традыцыйна займаюць крадзяжы (у 2015 г. — 66,9%). У мінулым годзе нам удалося дабіцца зніжэння іх колькасці з 72 да 69. Ды і ў дынаміцы за апошнія 5 гадоў бачна іх скарачэнне. З 50,7% да 52,2% павялічылась колькасць раскрытых крадзяжоў па канчатковых крымінальных справах. Як паказвае статыстыка, большасць крадзяжоў адбываецца з жылля.

— У якіх напрамках дзейнасці стала больш правапарушэнняў?

—  У мінулым годзе з 13 да 19 павялічылася колькасць злачынстваў, якія здзейснілі раней асуджаныя асобы. Больш стала і правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Узрасла колькасць злачынстваў, што здзеснілі непаўналетнія. У разрэзе адміністрацыйных адзінак больш за ўсё правапарушэнняў зарэгістравана ў Браславе. Узрасла злачыннасць у Мяжанскім і Друеўскім сельсаветах, а вось у Відзаўскім, Слабодкаўскім і Цяцеркаўскім яна знізілася.

— Вячаслаў Віктаравіч, якія задачы стаяць перад супрацоўнікамі РАУС у бягучым годзе?

—  Прыведзеныя лічбы гавораць пра тое, што ў 2016 годзе нам трэба будзе ажыццявіць цэлы шэраг мерапрыемстваў у нашай службовай дзейнасці па дасягненні больш высокіх вынікаў. Аналіз дынамікі злачыннасці, яе структуры, ацэнка іншых фактараў, якія ўплываюць на стан правапарадку, у тым ліку і ў мінулыя перыяды, дазваляе прагназаваць захаванне тэндэнцыі да зніжэння ўзроўню злачыннасці ў першым квартале бягучага года. Як і раней, асноўную долю ў структуры злачыннасці будуць складаць крадзяжы. Таму асаблівую ўвагу мы будзем надаваць прафілактыцы і раскрыцці злачынстваў, якія ўчыняюцца ў грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап’янення, у сферы сямейна-бытавых адносін, прафілактыцы крадзяжоў, арганізацыі належнай работы з раней судзімымі асобамі і схільнымі да злачынстваў.

Выкананне гэтых і іншых аператыўна-службовых задач, якія стаяць перад супрацоўнікамі аддзела, магчыма толькі пры ўмове цеснага ўзаемадзеяння з усімі зацікаўленымі службамі, і, вядома ж, з насельніцтвам. Упэўнены, што супрацоўнікі РАУС працягнуць працу з поўнай самааддачай, што дазволіць забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, абарону іх законных правоў і інтарэсаў на належным узроўні.

— У любой прафесіі ёсць людзі, на якіх варта раўняцца. Каго б вы адзначылі, як лепшых?

— Усе нашы супрацоўнікі заслугоўваюць шчырых слоў падзякі за добрасумленную працу. На падвядзенні вынікаў некаторыя з іх былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Так, нагрудным знакам “За самаадданую службу” ўзнагароджаны міліцыянер-канваір ізалятара часовага ўтрымання Сяргей Цеуловіч, падзякай Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — старшы пашпартыст Галіна Маткоўская, Ганаровай граматай УУС Віцебскага аблвыканкама —старшы ўчастковы інспектар Міхаіл Кірылаў, граматай гэтай жа структуры — старшы інспектар групы кадраў Яўген Шокель, падзякай начальніка УУС — часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Яўген Крумін і памочнік дзяжурнага АДС Ігар Маркевіч.

— Дзякую за размову.