Пра што пісала “Браслаўская звязда” 50 гадоў таму назад ( студзень 1966-га)

Главное

01Запаліліся электралямпачкі

Новы год прынёс доўгачаканы падарунак жыхарам Іказні: у вёсцы падключылі  электрычнасць. На вулічных слупах і ў дамах хлебаробаў загарэліся агні.

Тэлеграма з траўлера “Браслаў”

Дарагія таварышы, браслаўчане! Экіпаж траўлера “Браслаў” сардэчна віншуе працоўных раёна з Новым 1966-м годам. Жадаем вам у першым годзе пяцігодкі добрых поспехаў у працы, выдатнага здароўя, шчасця ў асабістым жыцці.

Завод будзе

На бяльмонцкіх тарфяных балотах разгарнулася будаўніцтва торфабрыкетнага завода. Тут ужо ўзведзены 3 жылыя дамы, інтэрнат на 50 чалавек, некалькі гаспадарчых будынкаў. Заканчваецца пракладка вузкакалейнай чыгункі. Ідзе цагляная кладка асноўнага корпуса завода.

Добра працуюць на новай будоўлі экскаватаршчыкі Аляксандр Кавалёнак, Карл Булевіч, трактарыст Станіслаў Валушка, рабочы Браніслаў Пяткун і многія іншыя.

Да восені спажыўцы атрымаюць першую прадукцыю завода.

На возеры Навята

Цікавы матч адбыўся паміж хакеістамі аўтабазы №18 і Браслаўскай сярэдняй школы. Ён закончыўся з лікам 5:5. Сустрэча праходзіла на катку, што абсталяваны на возеры Навята. Добра гулялі школьнікі Уладзімір Карнавушка, Анатоль Пятроў, Сяргей Карнавушка, а з каманды аўтабазы — Аляксандр Еўдакімаў, Аляксандр Карнавушка і Станіслаў Буйніцкі.

У дні канікулаў

Ідуць канікулы. Але кожную раніцу ў Дрысвяцкую школу прыходзяць вучні. Увесь дзень са школьнага будынка чуюцца вясёлыя галасы, музыка. Там развучваюць новыя песні, танцы, арганізаваны гучныя чыткі рускіх народных казак, а таксама матэрыялаў з газет “Зорька” і “Пионерская правда”, часопіса “Костер”. Асабліва дзеці цікавяцца артыкуламі пра дружбу.

У канцы канікулаў будзе праведзены конкурс на лепшае выкананне піянерскіх песень.

Хутка, надзейна

У механізатараў калгаса імя Заслонава напружаны час. Адрамантаваць усю сельскагаспадарчую тэхніку да дня адкрыцця ХХІІІ з’езда КПСС — так вырашылі яны на агульным сходзе.

Вёска мяняе аблічча

За гады Савецкай улады непазнавальна змянілася аблічча, узрасла культура вёсак Відзаўскага сельсавета. Назаўсёды адыходзяць у нябыт хутары з курнымі маленькімі хацінамі. Вырастаюць буйныя добраўпарадкаваныя пасёлкі, такія як Відзы-Лаўчынскія, Снягішкі, Лайбуны, Вайнюны і іншыя.

Жывуць відзаўцы ў дастатку. За ўсё гэта сельскія працаўнікі ад усёй душы ўдзячныя роднай партыі і Савецкаму ўраду, якія па-бацькоўску клапоцяцца пра людзей працы.

У гэтыя дні ў сельскім магазіне

Студзеньскай раніцай ажыўляюцца вуліцы вёскі Мяжаны. Многія калгаснікі накіроўваюцца ў сельскі магазін, дзе зніжаны рознічныя цэны. Пакупнікі запасаюцца мануфактурай, каб пашыць абноўкі, цікавяцца коштам цукерак. Кожны прыкідвае, што дае зніжэнне цэн. Прадавец жа радуецца росту тавараабароту.

Па заказе дзяржавы

Заказ дзяржавы — датэрмінова! Пад такім дэвізам працуюць у новым годзе жывёлаводы калгаса “Маяк”. Яны пачалі здачу адкормленай жывёлы. Першая партыя — 12 бычкоў і 5 свіней — ужо адпраўлена на нарыхтоўчыя пункты. Пайшлі яны высокімі кандыцыямі. Краіна атрымала 4 тоны якаснага мяса.

Старонкі газеты гартала

Жанна Бялько.