Падведзены вынікі конкурсу на лепшае навагодняе афармленне

Новости

IMG_6975 (Small)З 15 снежня мінулага года па 7 студзеня бягучага ў раёне праходзіў агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне аб’ектаў. Да ўдзелу ў ім запрашаліся юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і ўладальнікі індывідуальных жылых дамоў.

На мінулым тыдні спецыяльна створаная камісія ў складзе намеснікаў старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый падвяла вынікі спаборніцтва.

Нагадаю, пры размеркаванні прызавых месцаў улічвалася комплекснае мастацкае афармленне аб’ектаў, унікальнасць ідэі, светлавыя рашэнні, нестандартнасць падыходаў, якасць выкананых работ і стан прылягаючай тэрыторыі.

Згодна з рашэннем камісіі пераможцам конкурсу сярод юрыдычных асоб стаў філіял ДЭУ-34, сярод уладальнікаў індывідуальных дамоў — Дзяніс Бязручанка (агр. Слабодка, вул. 8 сакавіка, д.35). Яны атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 7 БВ і 3 БВ адпаведна.

За выкарыстанне нестандартных тэхнічных рашэнняў у навагоднім афармленні дыпломам было адзначана ПТУП “Браслаў-Атэль”; за ўнікальнасць ідэі — аўтастанцыя (філіял АТП-18), філіял “Браслаўскае вытворчае ўпраўленне” РУП “Віцебскаблгаз”, яслі-сад №1 г.Браслава, цэнтральная бібліятэка, ТДУП “Браслаўскія азёры” і Відзаўскі каледж. За падтрыманне іміджа ўстановы ў навагоднім афармленні ўзнагароды атрымалі РВЭС, гімназія і ЦРБ. Браслаўскі філіял Глыбоцкага МКК і хлебазавод былі адзначаны за комплекснае мастацкае рашэнне ў святочным афармленні. А калектыў КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” быў узнагароджаны за значны ўклад у навагодняе афармленне горада.

Узнагароды падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага развітанню з навагоднімі святамі, уручаў асабіста Уладзімір Дранеўскі. Кіраўнік раёна падзякаваў усім, хто своечасова і добрасумленна адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе. Разам з тым У. Дранеўскі засяродзіў увагу на недапушчальнасці пазіцыі некаторых нашых суб’ектаў, сярод якіх абодва банкі, аптэка, аўтазаправачныя станцыі, буйныя прыватныя прадпрыемствы “Белкакслат” і “Ірбіс-Плюс”. “У той час, калі ўвесь раён аб’ядноўваецца дзеля агульнай справы, яны не да канца выкарысталі свой патэнцыял і рэсурсы,” — сказаў старшыня райвыканкама.

Вячаслаў Каладынскі.

Фота аўтара.

Здымак: Так была ўпрыгожана прахадная ДЭУ-34 — пераможцы конкурсу.