Прыярытэт работы — бяспека на дарогах

Люди Человек и закон

ins2У мінулым годзе на тэрыторыі нашага раёна зарэгістравана найменшая колькасць ДТЗ за апошнія 15 гадоў. У 9 аварыях 1 чалавек загінуў, 10 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Лічбы пабілі рэкорд 2012 года, калі колькасць аварый раўнялася дзесяці.

Пра вынікі дзейнасці аддзялення ДАІ Браслаўскага РАУС у 2015 годзе карэспандэнту газеты Вользе Патаповіч расказаў в.а. начальніка АДАІ Уладзімір Лапко.

  • Уладзімір Іосіфавіч, з чым вы звязваеце зніжэнне аварыйнасці?

Лічу, што ў першую чаргу на сітуацыю паўплывала ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Цяпер вадзіцель часцей задумваецца пра тое, што лепш не парушаць, чым развітацца з “кругленькай” сумай. Адзначу, што з 1 снежня 2016 года БВ зноў павялічылася, а гэта значыць, што ўзраслі і штрафы. Напрыклад, неабазначаны пешаход у цёмны час сутак заплаціць за сваю нядбайнасць ад 1 да 3 БВ (210 тыс — 630 тыс рублёў), а калі ён яшчэ і нецвярозы, то сума складзе ад 3 да 5 БВ. Вадзіцель, які не прапусціў на зебры пешахода будзе вымушаны дастаць з кашалька ад 210 тыс да 1050 тыс рублёў.

Таксама мяркую, што свае плады дае і прафілактычная работа супрацоўнікаў нашага аддзела. Інспектары ДПС і днём, і ноччу сочаць за парадкам на дарогах. Мы рэгулярна праводзім прафілактычныя лекцыі ў працоўных калектывах, установах адукацыі, СМІ. Дарэчы, лічу патрэбнымі міжведамасныя рэйды.

Па якой прычыне часцей за ўсё здараюцца ДТЗ?

  • Аналіз дарожна-транспартных здарэнняў сведчыць, што асноўнай іх прычынай з’яўляецца перавышэнне хуткаснага рэжыму, прычым, з сямі такіх ДТЗ за аналізуемы перыяд у чатырох ліхачылі за рулём п’яныя вадзіцелі.

Усяго ж у 2015 годзе за перавышэнне хуткасці прыцягнуты да адказнасці 2141 вадзіцель.

Празмерная хуткасць — гэта сапраўдны біч, прычым не толькі нашага раёну і вобласці — гэта праблема многіх аўтамабілістаў краіны. Людзі, якія сядзяць за рулём аўтамабіляў, адчуваюць сябе самаўпэўнена, бясстрашна і ідуць на неапраўданую рызыку. Такім ліхачам хочацца даць параду: калі ваша душа патрабуе адрэналіну, “ганяйце” на спецыяльна абсталяваных для гэтага трасах. А вось калі вы знаходзіцеся на дарозе агульнага карыстання памятайце, што “прытопленая” педаль газу можа каштаваць чалавечага жыцця.

  • А наколькі у нашым раёне актуальна праблема п’янства за рулём?
  • На жаль, кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане застаецца ср’ёзнай праблемай. У мінулым годзе п’яных вадзіцеляў затрымана 104, гэта толькі на 7 менш, чым у 2014. У рукі дзяржаўтаінспектараў папаліся і 6 нецвярозых, якія сталі фігурантамі крымінальных спраў. Дарэчы, адзін факт увогуле не ўкладваецца ў галаве. У кастрычніку супрацоўнікі ДПС спынілі п’янага вадзіцеля за рулём трактара аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, а потым высветлілася, што ён увогуле пазбаўлены судом права кіраваць транспартным сродкам.
  • Ведаю, што акрамя працы па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, ваша аддзяленне нярэдка дапамагае раскрыць злачынствы.
  • Так, за мінулы год нашы інспектары дапамаглі знайсці скрадзены аўтамабіль, зафіксавалі тры факты парушэння судовага рашэння на забарону кіравання транспартам, некалькі разоў затрымлівалі браканьераў з рыбай і мясам дзікіх жывёл, спынялі незаконны перавоз тытунёвых вырабаў, металалому і інш.
  • Якая тэхніка дапамагае вам несці службу?
  • На сённяшні дзень аддзяленне ДАІ мае 3 патрульныя аўтамабілі, усе яны аснашчаны віэарэгістратарамі і сучаснымі радыёстанцыямі, якія дазваляюць звязвацца з дзяжурнай часткай РАУС. На экране манітора можна прасачыць, дзе знаходзіцца любы патрульны аўтамабіль, з якой хуткасцю ён рухаецца і чуць у рэжыме анлайн, што адбываецца ў машыне. Гэта дазваляе ў экстранных выпадках кантраляваць сітуацыю і, калі неабходна, адправіць нарад міліцыі на дапамогу.
  • Уладзімір Іосіфавіч, падзяліцеся, калі ласка, планамі на будучы год.
  • Сёлета, як і раней будзем працаваць на максімальнае зніжэнне колькасці ДТЗ у раёне і смяротнасць у іх. Для падтрымання патрэбнай дарожнай абстаноўкі запланавана правядзенне дзён узмоцненага нагляду за рухам з прыцягненнем максімальнай колькасці супрацоўнікаў іншых службаў РАУС, а таксама правядзенне кожную пятніцу месяца адзінага дня бяспекі дарожнага руху.

Дарэчы, карыстаючыся момантам, хачу паведаміць, што цяпер у аддзяленні ДАІ ёсць дзве вакантныя пасады. Прэтэндаваць на іх могуць мужчыны з вышэйшэй адукацыяй, пажадана пасля службы ў арміі, якія  раней не мелі канфліктаў з законам.