Сапраўднае свята музыкі

Общество

IMG_4644 (Small)Цудоўным музычным мерапрыемствам распачаўся 2016 год у Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Пятага студзеня ў ёй адбыўся агляд-конкурс “Да сонца — 2016”.

Упершыню праведзенае ў мінулым годзе, мерапрыемства паказала, што яно неабходна юным музыкантам і педагогам установы. Конкурс дазваляе зведаць  смак сцэны, параўнаць сябе з іншымі і ацаніць свой узровень падрыхтоўкі, а педагогам дае яшчэ адну магчымасць абмяняцца вопытам. У гэтым годзе да навучэнцаў з Браслаўскага раёна, далучыліся прадстаўнікі Наўенскай музычнай і мастацкай школы з Латвіі. А творчыя ўменні дзяцей ацэньвала кампетэнтнае журы ў складзе дырэктара Браслаўскай ДШМ Людмілы Новікавай, дырэктара ЦБС Вольгі Ляснеўскай і дацэнта факультэта музыкі і мастацтва Даўгаўпілскага універсітэта Глеба Бяляева. Як і ў мінулым годзе, конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях — ансамбль і сола.

…Адзін за адным на сцэну выходзілі юныя музыканты, якія пераадольваючы сваё  хваляванне, гралі на розных інструментах — акардэоне, саксафоне, фартэпіяна, баяне, скрыпцы, цымбалах, кларнеце і іншых. Салісты, дуэты, трыа, ансамблі —  якія прыгожыя мелодыі давялося пачуць у гэты дзень усім прысутным у іх выкананні. Шмат асалоды падарылі і вакалісты, якія ўкладалі ў выкананне песень душу, да таго ж кожнае выступленне было ператворана ў міні-спектакль. Выдатна дапаўнялі кожны конкурсны нумар і прадуманыя касцюмы музыкантаў. Не менш за дзяцей перажывалі і педагогі, якія, знаходзячыся ў зале, не скрывалі сваіх хваляванняў.

Пры вынясенні рашэння журы неабходна было ўлічваць узровень выканаўчага майстэрства, ступень складанасці твора, пастаноўку нумара, сцэнічную культуру і вобраз выканаўцы. Згодна з гэтымі крытэрыямі і вызначаліся пераможцы.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, члены журы падзякавалі канкурсантам за ўдзел і за падораныя станоўчыя эмоцыі, а таксама пажадалі ўсім поспеху на музычным шляху. Гран-пры агляду-конкурсу “Да сонца — 2016” у намінацыі “ансамбль” заваявалі цымбалісткі Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Л. Храмава), а ў намінацыі “сола” — прадстаўніца Латвіі Караліна Кісялеўска, якая грала на саксафоне. У кожнай з намінацый таксама былі вызначаны лаўрэаты прызавых месцаў, якія атрымалі дыпломы конкурсу. А пасля цырымоніі ўзнагароджання для пераможцаў і дыпламантаў быў зроблены  прыемны сюрпрыз —  пачастунак у піцэрыі.

Алена Набеева.

На здымку: Уладальнікі Гран-пры агляду-конкурсу “Да сонца — 2016”.