Цуды для самых маленькіх

Главное

IMG_4497 (Small)Згадзіцеся, прыемна бачыць усмешкі і шчаслівыя вочы дзяцей, калі яны атрымліваюць падарункі і шчыра гэтаму радуюцца. Не раз пераканаліся ў гэтым і ў раённым камітэце БРСМ. Арганізацыя ўжо некалькі гадоў запар у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ладзіць сваю, якая называецца “Цуды на Каляды”.

— Навагоднія і Калядныя святы — гэта той час, калі найбольш верыш у незвычайнае. І мы кожны год стараемся падарыць моманты шчасця дзецям, каб яны таксама паверылі ў цуды, а таксама ў тое, што ёсць побач добрыя людзі, — расказала першы сакратар райкама Марыя Сяліцкая. — У гэтым годзе мы вырашылі ўсе падарункі перадаць выхаванцам Друйскага дзіцячага садка. Спадзяюся, такую практыку працягнем і ў наступным годзе, толькі ўстанова адукацыі, куды будзем прыязджаць, кожны раз будзе мяняцца.

Загадзя быў арганізаваны збор падарункаў і сродкаў на іх. Найбольш актыўнымі аказаліся калектывы рэдакцыі раённай газеты, малаказавода і непасрэдна райкама БРСМ. На сабраныя сродкі былі набыты салодкія падарункі, а таксама канцылярскія тавары, гульні, мяккія цацкі.

У мінулы аўторак першы сакратар Марыя Сяліцкая і галоўны спецыяліст райкама Святлана Лапыр завіталі на ранішнік у Друйскі садок. Для маленькіх выхаванцаў прыезд гасцей і падарункі сталі сюрпрызам. А доказам таго былі іх шчаслівыя ўсмешкі і цудоўны настрой.

— Нам было прыемна, што менавіта нашы выхаванцы атрымалі столькі падарункаў. Цяпер садок наведваюць 19 дзяцей. Некалькі з іх знаходзяцца на выхаванні ў дзіцячым доме, яшчэ 4 малыя прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. І ім такія клопат і ўвага асабліва важныя. Можна з упэўненасцю сказаць, што для іх гэта сапраўдны цуд, — адзначыла загадчык Друйскага дзіцячага садка Святлана Зубко.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.