Падарункі для  Друйскага дзіцячага дома

Главное

Ш.3 (Small)У апошні тыдзень снежня дзецям і педагогам з Друйскага дзіцячага дома давялося прыняць шматлікіх гасцей, якія прыехалі павіншаваць іх з навагоднімі святамі.

Адным з першых да дзяцей завітаў член Савета Рэспублікі нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань. Не першы год ён і падначалены яму калектыў радуюць хлопчыкаў і дзяўчынак увагай і падарункамі. На гэты раз калектыў “Віцебскаблгаза” набыў для дзяцей трэнажор. Спартыўная прылада папоўніць трэнажорную залу, дзе выхаванцы дзіцячага дома займаюцца сваім фізічным развіццём.

Веласіпедны “парк” установы папоўнілі і раённы аддзел унутраных спраў. Два новенькіх веласіпеды будуць таксама не лішнімі ў спартыўнай падрыхтоўцы дзяцей. Тым больш, што катанне на двухколавых транспартных сродках — адно з любімых заняткаў дзяцей.

Рады былі выхаванцы цацкам і гульням, якія прывезла ад імя раённай улады старшыня райсавета Ніна Пучынская. З падарункамі ў дзяцей таксама пабывалі начальнік раённага аддзялення Дэпартамента “Ахова” Мікалай Сільчонак, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 205 “Беларусбанка” Сяргей Давыдаў, якія падарылі ў дзіцячы дом розныя карысныя рэчы.

Па словах адміністрацыі ўстановы, шматлікія госці сваімі візітамі змаглі падняць пераднавагодні настрой дзецям і падарылі ім надзею на цуд, а дзякуючы падарункам жыццё выхаванцаў стане больш насычаным і цікавым.

Алена Набеева.

На здымку: Пётр Шэршань пажадаў дзецям спаўнення запаветных мараў.