Двайное свята

Люди

З даўніх часоў так павялося, што 31 снежня — адно з самых доўгачаканых, яскравых і радасных свят, яно традыцыйна суправаджаецца светлымі эмоцыямі і прыемнымі падарункамі. Але падчас пераднавагодніх клопатаў не ўсе памятаюць, што ёсць між іх такія людзі, якія ў апошнія гадзіны старога года  адзначаюць свой дзень нараджэння. Імяніннікі, якія атрымліваюць віншаванні 31 снежня, па-рознаму адносяцца да такой падзеі. Для адных гэта не самы прыемны дзень, бо дзень нараджэння губляецца на фоне Новага года, іншыя ж шчыра лічаць, што ўсё вакол упрыгожана цацкамі ды гірляндамі выключна дзеля іх.

Аказваецца, сярод браслаўчан таксама ёсць тыя, хто сумяшчае два святы. Добра гэта ці не вельмі — нарадзіцца акурат на Новы год — высвятляла Жанна Бялько.

ciuSDMmlRbgПаліна Сівакова, вучаніца 10 “А” класа СШ №1:

— Для мяне 31 снежня — вельмі радасная і святочная дата. Я ніколькі не шкадую, што мой дзень нараджэння супадае з Новым годам. Так, падарункаў, магчыма, магло б быць і больш, затое на двайное свята яны заўсёды больш важкія. І яшчэ адзін плюс такога супадзення — дату майго дня нараджэння вельмі складана забыць. Таму два святы ў адзін дзень прыносяць толькі радасць.

 


 


300x213Крысціна Марозава, кантралёр Браслаўскага філіяла энергазбыта:

— Можна з розных бакоў глядзець на гэтую дату, але ўвогуле залічваю яе ў мінус. Усе адзначаюць Новы год, адпаведна, больш з ім і віншуюць. З дзяцінства трошкі нават крыўдна, бо спачатку ж дзень нараджэння, а пасля толькі бой курантаў. Ну і не вельмі падабаецца, калі атрымліваеш адзін падарунак — святы ж два. І толькі родныя і самыя блізкія сябры бачаць у гэтым супадзенні плюс: кажуць, што пра маю дату нараджэння забыцца немагчыма.


xVac9umHzygЛюдміла Шылін, загадчык аддзела першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагртэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Я прывыкла, што ў мяне 31 снежня двайное свята, і лічу гэта добрай справай. Ва ўсіх дні нараджэння звычайныя, а мой — не. У дадатак да цудоўнага навагодняга настрою, які пануе вакол, мне яшчэ і асаблівую ўвагу ўдзяляюць. Усе абавязкова віншуюць мяне з днём нараджэння. Бывае, сама нават не заўсёды памятаю, калі нарадзіліся знаёмыя, а вось яны ўжо ніколі не забываюць пра маё свята.

Рэдакцыя “Браслаўскай звязды” віншуе ўсіх, хто адзначыў свой дзень нараджэння падчас сустрэчы Новага года, і жадае ім як мага больш увагі родных ды сяброў і мноства асобных падарункаў на кожнае свята!

Народжаныя 31 снежня — Казярогі. Ім часта ўласціва надаваць вялікую ўвагу свайму знешняму выгляду і таму ўражанню, якое яны аказваюць на навакольных. Таму Казярогі, як правіла, старанна даглядаюць за сабой, добра апранаюцца і імкнуцца праяўляць сябе з лепшага боку. Гармонія, стабільнасць і прыгажосць – вось ідэалы, да якіх імкнуцца тыя, хто нарадзіўся 31 снежня, як у асабістым, так і ў грамадскім жыцці. Яны здольныя задаволіць усе свае патрэбы, не выклікаючы незадаволенасці або якіх-небудзь іншых адмоўных эмоцый з боку блізкіх людзей. Казярогі выдатна ўсведамляюць свае сілы, здольнасці і магчымасці і таму ведаюць, што могуць зрабіць самі, а што лепш даць іншым. Яны рэдка бяруцца за работу, якую не ў стане выканаць добра і да канца, таму часта дасягаюць поспеху ў сваіх пачынаннях. Можна сказаць, што гэтыя людзі ставяць перад сабой сціплыя, але дасягальныя мэты.