Дарылі дабро кожнаму дзіцяці

Главное

IMG_4515 (Small)Акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па краіне. Вось і ў нашым раёне ў яе рамках для малых ладзіцца шмат святаў і ранішнікаў. Асабліва дзеці чакаюць нейкага цуда ў пераднавагоднія дні. І па добрай традыцыі кожны год менавіта ў гэты час раённае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” ладзіць для юных браслаўчан дабрачынны ранішнік.

Так было і на гэты раз. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 110 дзяцей. Гэта свята тых, каму ўвага патрэбна асабліва: дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, з шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў. На гадзіну ўсе яны трапілі ў чароўную, добрую і вясёлую казку, якую падарылі ім шчырыя душой дарослыя.

Павіншаваць юных жыхароў раёна з надыходзячымі святамі завіталі і ганаровыя госці — старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі, яго намеснік Вольга Вялічка і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч. У сваім прывітальным слове кіраўнік раёна адзначыў, што на Браслаўшчыне дзецям удзяляецца вялікая ўвага, так будзе і надалей. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама не засталіся ў баку, падзякавалі за клопат і ўручылі старшыні райвыканкама падарунак, зроблены сваімі рукамі.

Між тым зала паступова напаўнялася дзецьмі рознага ўзросту, у маскарадных касцюмах, з мамамі і татамі, і ўсе яны чакалі нечага незвычайнага і верылі, што мары абавязкова збудуцца.

Хутка зайграла музыка і зала напоўнілася чароўнымі героямі. Тут і сімвал года Малпа, і Тыгруша, і Снежная Каралева, і Хатабыч,  і Дзед Мароз са Снягурачкай. Маленькія госці свята спачатку з цікавасцю назіралі за імі, а потым разам з казачнымі персанажамі з задавальненнем спявалі песні, вадзілі карагоды, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях, запальвалі ёлачку. Героям удалося зрабіць мерапрыемства цікавым і дынамічным, а іх прыгоды захапілі малых з самых першых хвілін. Дзеці весяліліся і радаваліся ад душы.

Пасля цудоўнага прадстаўлення, падрыхтаванага супрацоўнікамі Раённага цэнтра культуры, усе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія падарункі. Хочацца, каб гэта гадзіна радасці, добрага настрою, шчасця і вяселля расцягнулася для іх на ўвесь надыходзячы год.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.