“Браслаў-спорт” — Тытаны

Новости

IMG_6699 (Small)Мяркуючы па запаўняльнасці глядзельнай залы раённага цэнтра культуры браслаўчанам падабаюцца шоу, у якіх прымаюць удзел іх родныя, калегі па рабоце, суседзі, знаёмыя. Таму і білеты на такія мерапрыемствы разыходзяцца значна лепш, чым на прыезджых артыстаў. Не стала выключэннем і нядзельная шоу-праграма “Бітва тытанаў”, удзел у якой прымалі пераможцы і прызёры навагодніх шоу “Великолепная пятерка” і “Браслаўскі экспрэс”. Паспрачацца за званне лепшай пяцёркі ў нядзелю на сцэну выйшлі каманды рэдакцыі раённай газеты “БЗ”, аддзела адукацыі, спорту і турызму “Браслаў-спорт”, вузла электрычнай сувязі “Вай-фай”, СШ №1 “Школа строгага рэжыму” і жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Жэкушка”.

Па сцэнарыі камандам было прапанавана паказаць свае здольнасці ў трох конкурсах, з якіх першы — гэта песня, што гучала ў прадстаўленнях папярэдніх гадоў. Таму фактычная барацьба разгортвалася ў двух наступных: “Навагодняе віншаванне” і “Нам жыць работа дапамагае”.

Трэба аддаць належнае арганізатарам шоу-праграмы, за тую дынамічнасць, з якой яна праходзіла. Нягледзячы на частыя змены бутафорыі і рэквізіту, якіх выкарыстоўвалася даволі многа, паміж нумарамі ні разу не здарылася затрымак, што трымала ў напружанні гледачоў.

Што датычыць непасрэдна кожнага з конкурсаў, то ў першым хацелася б выдзеліць каманду “Вай-фай” з іх цікавымі перамяшчэннямі на офісных стулах і “Жэкушку” , якая выехала на сцэну на міні-трактары.

У другім конкурсе запомнілася выступленне каманды “Браслаў-спорт” з іх непаўторнымі мініяцюрамі пра кожную з каманд-саперніц. У трэцім жа найбольш арыгінальнымі былі “Школа строгага рэжыму” і “БЗ”.

Пры такім раскладзе журы нялёгка было вызначыцца з пераможцам. А пакуль суддзі вырашалі лёс галоўнага прыза і пераможцаў намінацый, гледачам не давалі сумаць артысты Народнага тэатра мініяцюр “Покер”.

Урэшце каманды запрасілі на сцэну і старшыня журы старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская аб’явіла вынікі “Бітвы тытанаў”. У намінацыі “Каманда-вакаліст” лепшай былі прызнаны журналісты, “каманда-артыстызм” — настаўнікі, “Каманда-гумар” — камунальнікі, “Каманда-крэатыў” — сувязісты. “Тытанамі” ж у гэтай барацьбе сталі спартсмены.

Аляксандр Азевіч.

Фота аўтара.