Баскетбол сярод школьнікаў…

Здоровье

IMG_4180 (Small)У традыцыйным калядным турніры па баскетболе, які адбыўся 19 снежня, прынялі ўдзел 10 школьных каманд. Арганізатары зрабілі для дзяцей сапраўднае спартыўнае свята. Пачалося мерапрыемства з урачыстага выхаду каманд на баскетбольную пляцоўку, дзе ўдзельнікаў павітаў і пажадаў ім прыгожай і чэснай барацьбы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч. Права ўзняць сцяг Рэспублікі Беларусь было дадзена прадстаўнікам гімназіі і школы № 1.  Разнастаіць перапынкі паміж матчамі арганізатары запрасілі танцавальны калектыў ЦДіМ і групы падтрымкі чэрлідынг.

У выніку напружанай барацьбы месцы размеркаваліся наступным чынам. Сярод хлопчыкаў перамаглі вучні школы № 1, другімі і трэцімі сталі прадстаўнікі Слабодкаўскай школы і гімназіі. Сярод дзяўчынак лідарам стала каманда гімназіі, другое месца занялі вучаніцы першай школы, а трэцяе —  баскетбалісткі Слабодскаўскай школы.

Пераможцы турніру і прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі і граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

… і дарослых

У нядзелю, 20 снежня, за тытул пераможцы ў баскетбольным турніры, які РФСК “Дрывяціч” праводзіў сумесна з райкамам БРСМ, уступілі 7 дарослых каманд “ТБЗ Браслаўскі”, “Відзы-каледж”, “Зборная Браслава”, “Малаказавод”, “Беларусбанк”, “Гімназія”, “Одуванчики” (каманда моладзі райцэнтра).

Жараб’ёўкай удзельнікі  былі падзелены на 2 групы і з кожнай у паўфінал выходзілі па дзве мацнейшыя каманды. У фінальным паядынку сустрэліся пераможцы паўфіналаў, яны ж і разыгралі прызавыя месцы. Так, першае заняла каманда торфабрыкетнага заводу, другое — Відзаўскага каледжа, трэцяе — зборная Браслава.

Спаборнічалі тэнісісты

Аматары настольнага тэнісу займаюцца некалькі разоў на тыдзень у секцыі на базе школы № 1. А напярэдадні калядных і навагодніх святаў для ўсіх жадаючых быў арганізаваны турнір. Ён сабраў 12 удзельнікаў. Усе яны паказалі годны ўзровень падрыхтоўкі. Месцы ж на п’едэстале размеркаваліся наступным чынам. Першае  заняў Арцём Піўрык, другое — Іосіф Раманцэвіч, трэцяе — Аляксандр Янковіч.

Чатыры перамогі на дваіх

На абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы сярод ДЮСШ удала выступілі прадстаўнікі Браслаўшчыны.  Дзмітрый Вялічка і Дзмітрый Іваноў на дваіх заваявалі 4 дыпломы ў бегу на дыстанцыі 3000 і 5000 метраў.

У прыватнасці, Д. Іваноў стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў на абедзвюх дыстанцыях, а Д. Вялічка паказаў лепшы вынік на 3000 метрах і другі на 5000.

Алена Набеева.

Фота аўтара.