Казкі майго дзяцінства

Главное Новости

IMG_4079 (Small)Пад такой назвай адбылося 18 снежня адкрыццё выстаўка жывапісу вядомай беларускай мастачкі Наталлі Паплаўскай у Музеі традыцыйнай культуры. У жыхароў горада і раёна ёсць унікальная магчымасць пабачыць арыгіналы 13 казачных ілюстрацый і акварэль “Зімовы Браслаў”.

Н. Паплаўская добра вядома ў нашай краіне, як майстар, які працуе ў галіне станкавай і кніжнай графікі. Яна супрацоўнічала з выдавецтвамі Мінска і Масквы, займала ілюстрацыяй дзіцячых  кніг, сярод якіх беларускія народныя казкі і казкі народаў свету, творы Р. Кіплінга і Ш. Пяро, школьных падручнікаў. Наталля Паплаўская — лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола за распрацоўку нацыянальнай тэматыкі ў дзіцячай літаратуры, уладальніца медаля Францыска Скарыны за выдатныя заслугі ў галіне выяўленчага мастацтва Беларусі.

Асобную старонку ў яе творчасці займае Браслаўшчына. Некалькі дзясяткаў гадоў разам з мужам, жывапісцам і акадэмікам Нацыянальнай акадэміі  навук Беларусі, яна жыла ў нашым маляўнічым краі непадалёку ад Маскавічаў. Тут былі створаны некалькі графічных цыклаў, “Горад у снезе”, “Браслаўская восень”, “Браслаўскія матывы” і іншыя. Іх сюжэты разнапланавыя, ад пейзажаў да абыдзеннага жыцця. Падчас адкрыцця выставы можна было пабачыць іх копіі у слайд-шоу, якое дэмастравалася наведвальнікам. А вось 13 арыгіналаў ілюстрацый да казак можна было добра разглядзець зблізку, бо яны, набытыя ў 90-е гады, зараз захоўваюцца ў фондах музея. Таксама была выстаўлена на агляд і яе акварэль “Зімовы Браслаў”. На карціне паказаны горад у адзін з зімовых дзён, яго занесеныя снегам вулачкі і домікі, з комінаў якіх ідзе дым.

У 2005 годзе была надрукавана кніга Н. Паплаўскай “Браслаўшчына. Дзённікі мастакоў”. З ёй можна было пазнаёміцца падчас адкрыцця выставы, пагартаць і пачытаць. Не менш цікава і рарытэтнае выданне казак з ілюстрацыямі аўтарства Н. Паплаўскай.

Выстава “Казкі майго дзяцінства” будзе цікава не толькі дзецям, але і дарослым, бо дзякуючы творам мастачкі можна паглыбіць свае этнаграфічныя веды і паглядзець, якой была Браслаўшчына некалькі дзясяткаў гадоў таму назад.

Абавязкова наведайце выстаўку і пазнаёмцеся крыху бліжэй з творчасцю вядомай мастачкі, працы якой знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах аб’яднання “Цэнтральны дом мастака” у Маскве, Міністэрства культуры Расіі. мастацкіх галерэях Аполе і Варшавы (Польшча) і іншых калекцыях па ўсім свеце.

Алена Набеева.

Фота аўтара.