Браслаўчане папрацавалі на славу

Главное

IMG_6043 (Small)Тысячы маладых прадстаўнікоў Віцебскай вобласці змаглі папрацаваць сёлета ў складзе студатрадаў. У 547 такіх фарміраваннях (будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных) былі задзейнічаны 10 466 чалавек.

Больш за 200 маладых браслаўчан паўдзельнічалі сёлета ў студатрадаўскім руху. Нашы хлопцы і дзяўчаты былі задзейнічаны на сушцы зерня, уборцы тэрыторый зернесховішчаў, зборы камянёў на палях, уборцы бульбы і караняплодаў, сэрвісным абслугоўванні турыстаў.

Вынікі часовай працоўнай занятасці моладзі вобласці “Працоўны семестр — 2015” на мінулым тыдні падвялі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Лепшых з лепшых у гэтым працоўным семестры назвалі ў 14 намінацыях. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў выканаўчай улады вобласці, цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, моладзь. Прыемна адзначыць, што сярод запрошаных на ўрачыстасць былі і браслаўчане, якія ў гэты вечар не раз падымаліся на сцэну за ўзнагародамі.

Напачатку госці цырымоніі маглі пазнаёміцца з выстаўкай фатаграфій, на якіх адлюстравана праца студэнцкіх атрадаў і дасягненні вобласці па працаўладкаванні моладзі, паўдзельнічаць у акцыях “У аб’ектыве з пазітывам”, “Геаграфія атрада”, а таксама атрымаць сімвал Года моладзі — яблык.

Урачыстую частку цырымоніі адкрыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў ролю студатрадаў у сучасным жыцці, падзякаваў моладзі за добрую працу і заклікаў надалей быць такімі ж актыўнымі. А потым уручыў узнагароды лепшым.

Браслаўчанам пакарыліся чатыры намінацыі. Так, пераможцам абласнога конкурсу “Працоўны семестр — 2015” у намінацыі “Лепшы наймальнік студэнцкага атрада” стаў СВК “Маяк Браслаўскі”, які не першы год дапамагае ў працаўладкаванні моладзі. Галоўнымі памочнікамі СВК з’яўляюцца школьнікі Опсаўскай школы. Дарэчы, іх сельскагаспадарчы атрад імя І. І. Якубоўскага перамог у намінацыі “Лепшы сельскагаспадарчы атрад установы адукацыі, якая забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі”.

А вось у намінацыі “Лепшы сэрвісны атрад” перамог атрад “Хваля”, які працаваў на турбазе “Браслаўскія азёры”. А валанцёрскі лагер “Экабум” гімназіі заняў 2 месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад (лагер) моладзі, што вучыцца”.

— Такі поспех стаў магчымым дзякуючы мэтанакіраванай і зладжанай дзейнасці кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый, школьнікаў раёна, саюза моладзі і раённай улады, — падкрэсліла першы сакратар райкама ГА БРСМ Марыя Сяліцкая. — Безумоўна, мы вельмі задаволеныя вынікамі і будзем імкнуцца памножыць іх у наступным годзе.

Таццяна Пятушка.