Рыхтуемся да Новага года

Главное

IMG_3755 (Small)З кожным днём Новы год становіцца ўсё бліжэй. Гэта бачна і па святочнай ілюмінацыі, і афармленні горада, па падарунках, рознакаляровай мішуры і ёлачных цацках, якія быццам  па ўзмаху чарадзейнай палачкі з’явіліся на паліцах магазінаў. Міжвольна з’яўляюцца думкі пра сюрпрызы родным і  пра баўленне вольнага часу ўсёй сям’ёй.

Як расказала дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна Таццяна Кука, работнікі культуры прадумалі рознапланавую забаўляльную праграму. Стартуюць усе навагоднія мерапрыемствы падчас святочнай цырымоніі ўключэння ілюмінацыі на галоўнай гарадской ёлцы. У апошнюю нядзелю снежня запланавана шоў “Бітва тытанаў”, падрыхтоўка да якога цяпер у самым разгары. Для дзяцей работнікі культуры правядуць вясёлыя ранішнікі, дзе кожны зможа расказаць Дзеду Марозу верш і загадаць патаемнае жаданне. Дарэчы, павіншуюць казачныя персанажы маленькіх браслаўчан і на даму. У саму навагоднюю ноч ля гарадской ёлкі адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне, а ў РЦК — дыскатэка. Не застануцца па-за ўвагай і жыхары сельскай мясцовасці. Ва ўсіх установах культуры запланаваны святочныя мерапрыемствы.

Падтрымліваюць агульны навагодні настрой і работнікі гандлю. Як паведамілі ў райпа, для пакупнікоў запланаваны цікавыя акцыі. Напрыклад, “Калядныя скідкі”, калі пачынаючы ад пакупкі коштам 400 тысяч, пачне працаваць скідачная сістэма ад 1 да 5 працэнтаў ці “Ноч скідак”, калі прамысловыя тавары будуць прадавацца па зніжаных цэнах. Пакупнікі ў магазінах у Ахрэмаўцах, Слабодцы, Друі, Опсе, Відзах і “Блакіт” Браслава атрымаюць падарункі, калі агульная сума чэка перавысіць пэўную суму. Змогуць прыняць удзел жыхары Браслаўшчыны і ў сацыяльнай акцыі “Дары дабро — стань Дзедам Марозам”. Для гэтага неабходна ва ўнівермагу “Брас”, у аддзеле “Дзіцячыя тавары” на ўстаноўленай ёлцы выбраць малюнак выхаванцаў Друйскага дзіцячага дома і набыць аўтару падарунак, які будзе яму перададзены.

Не застаюцца ў баку ад навагодняга ажыятажу і грамадскія арганізацыі. Напрыклад, першы сакратар райкама ГА БРСМ Марыя Сяліцкая падзялілася ідэяй сабраць моладзь Браслава на святочную вечарыну на турбазе “Браслаўскія азёры”, каб напярэдадні новага года павіншаваць адзін аднаго і адзначыць лепшых актывістаў.

Алена Набеева.