За лясной прыгажуняй — на кірмаш

Главное

23Пакуль вучоныя спрачаюцца наконт таго, што больш шкодзіць навакольнаму асяроддзю — высечка жывых елак або вытворчасць і наступная ўтылізацыя штучных, беларусы чакаюць адкрыцця елачных кірмашоў. Многія па даўняй традыцыі купляюць лясных прыгажунь, каб разам з імі ўнесці ў дом адчуванне свята.

Браслаўчане змогуць набыць галоўны сімвал Новага года ўжо на наступным тыдні. Як расказаў галоўны ляснічы нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» Уладзіслаў Цецяронак, пачынаючы з 21 снежня і да канца месяца ў горадзе будзе працаваць вялікі елачны кірмаш. Для зручнасці пакупнікоў ён размесціцца на звыклым для браслаўчан месцы — на стаянцы каля ўніверсама «Бярэжжа».

Елкі вышынёй да метра плануецца прадаваць па 70 тыс. руб., дрэўцы ад 1 да 2 м будуць каштаваць 85 тыс. руб., ад 2 да 3 м — 130 тыс. руб., ад 3 да 4 м — 200 тыс. руб., ад 4 да 5 м — 350 тыс. руб., вышэйшыя за 5 м — 500 тыс. руб.

Акрамя таго, набыць навагоднія ялінкі можна будзе і ў лясніцтвах нацпарка. Там лясныя прыгажуні абыдуцца танней: елка да метра — 55 тыс. руб., ад 1 да 2 м — 70 тыс. руб., ад 2 да 3 м — 105 тыс. руб., ад 3 да 4 м — 160 тыс. руб., ад 4 да 5 м —280 тыс. руб., вышэйшыя за 5 м — 410 тыс. руб.

Дарэчы, па словах галоўнага ляснічага, нарыхтоўка елак вядзецца з ліку тых дрэў, якія высякаюцца па вытворчай неабходнасці. Такім чынам, шкода прыродзе не наносіцца.

Жанна Бялько.