Трэба ж было дадумацца

Деньги Человек и закон

IMG_3811 (Small)На днях у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар вёскі Вусце Слабодкаўскага сельсавета і расказаў, што мясцовае сельгаспрадпрыемства складзіруе гной на самым беразе ракі Друйка. Каб праверыць сігнал, аўтар гэтых радкоў разам з начальнікам аддзела аховы прыродных комплексаў НП «Браслаўскія азёры» Іванам Тышкевічам выязджаў на месца. Факт складзіравання гною ў межах водаахоўнай зоны пацвердзіўся. Не менш за дзесяць тон арганікі выгружана ўсяго за 30 крокаў ад урэзу вады.

Зразумела, што такое грубае парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства не можа заставацца непакараным. У той жа дзень І. Тышкевіч складаў адміністрацыйны пратакол. Мяне ж у гэтай гісторыі больш хвалюе бок праблемы. Землі сельгаспрызначэння ААТ «Слабодка-агра» ўшчыльную прылягаюць да найбольш ажыўленых турыстычных месц адпачынку, найпрыгажэйшых у раёне азёр. Выгружаць у такіх месцах гной — сябе не паважаць.

Можна дапусціць, што механізатар самадумна выгружаў гной у водаахоўнай зоне. Тады сам сабой напрошваецца вывад, што ў гаспадарцы адсутнічае элементарны кантроль і ўлік вывозімага на буртоўку каштоўнага арганічнага ўгнаення, якое пры дэфіцыце мінеральных тукаў з’яўляецца самым важным кампанентам запраўкі глебы. Пры такім раскладзе трактарыст можа вазіць угнаенне на прысядзібныя і дачныя ўчасткі ці кожны раз выгружаць у новым месцы.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.