Адзіны дзень скідак

Главное

IMG_3757 (Large)Пад такой назвай 29 лістапада ў Беларусі прайшла рэспубліканская акцыя, падчас якой арганізацыі спажывецкай кааперацыі зніжалі цану на непрамысловыя тавары. Не застаўся ў баку і наш гандаль. Па папярэдняй рэкламе зніжку ў 15% абяцалі ў прамысловых магазінах Браслаўскага райпа, а таксама у “Ветразі” і “Бярэжжы”. У нядзелю па гандлёвых установах прайшла і карэспандэнт газеты.

У магазіне “Дабрабыт”, куды я завітала каля 12 гадзін дня, было нешматлюдна, але на некаторай мэблі ўжо знаходзіліся раздрукоўкі, кшталту “Прабачце, мяне ўжо купілі”.

  • З пачатку работы магазіна мы ўжо прадалі 3 канапы, 3 шафы, камод, некалькі крэслаў, — расказваюць прадаўцы пра тое, як ідзе гандаль. — Ёсць добры попыт на бытавую тэхніку, керамічныя вырабы і нават шпалеры. Бачна, што людзі прыходзяць за пакупкай мэтанакіравана. Ведаюць, што хочуць набыць. Некаторыя нават параўналі цэны з іншымі магазінамі і зрабілі выбар на нашу карысць.

Сапраўды, чаму б не выкарыстаць магчымасць набыць мэблю са скідкай, тым больш калі ёсць патрэба, і магчымасць сэканоміць грошы. Лічыце самі, канапа з папярэднім коштам амаль у 4 мільёны, дазволіла адлажыць у капілку 580 тысяч беларускіх рублёў. Ці яшчэ прыклад, канапа, якая каштавала 6 з паловай мільёнаў, пасля скідкі дапамагла захаваць у сямейным кашальку 968 тысяч рублёў. На гэтыя грошы можна было б тут жа набыць крэсла, пуф ці навясную паліцу. І зноў са скідкай у 15 працэнтаў. Таму не дзіўна, што за 3 гадзіны з пачатку адкрыцця магазіна браслаўчанамі ўжо былі зроблены такія буйныя пакупкі.

Ва ўнівермагу “Брас” скідкі распаўсюджваліся на абутак, верхняе адзенне, бялізну і іншыя тавары, акрамя асартыменту, на які акцыі былі аб’яўлены раней. Напрыклад, абутак летняга асартыменту. Падчас майго візіту, некаторыя пакупнікі разлічваліся за тавар і адыходзілі з пакупкамі, а некаторыя толькі прыцэньваліся і рабілі выбар. “Схаджу за ўнучкай і прывяду памерыць гэты світарок, тады і куплю”, — перагаворваліся паміж сабой жанчыны ля вешалак з аддзеннем.

Па словах прадаўцоў, у нядзелю пакупнікоў назіралася больш, чым у звычайныя дні. У дзіцячым аддзеле, напрыклад, расказалі, што ўжо прадалі па зніжаных цэнах некалькі пар абутку, кнігі, дзявочыя школьныя сарафаны і іншае. У прыватнасці, скідка наадны з дзіцячых зімовых бацінкаў з натуральнай скуры склала каля 90 тысяч рублёў. Пагадзіцеся, на гэтыя грошы можна яшчэ набыць, напрыклад, цікавую літаратуру для дзіця.

У магазіне “Бярэжжа”, які таксама значыўся пунктам у маім маршруце, набыць са скідкай 15% можна было посуд, крышталь, керамічныя вазоны, цацкі, парашкі, мыла і іншыя гаспадарчыя тавары. Пры мне, напрыклад, некалькі жанчын разглядалі кухонны посуд і выбіралі патэльні.

Такім чынам, як паказала назіранне, браслаўчане, якія не надта збалаваныя рознымі акцыямі і скідкамі, імкнуліся выкарыстаць магчымасць і набыць патрэбны тавар. Але рабілі яны гэта ўзважана і стрымана — празмернага ажыятажу не назіралася. Здаецца, скідка ў 15% і не вельмі вялікая, аднак, калі пакупка запланаваная, то чаму б і не? А розніцу можна адкласці на падарункі родным, бо Новы год, як кажуць, ужо не за гарамі.

Алена Набеева.

Фота аўтара.