Сейбіты цудоўнага

Люди

00x200Кожны чалавек у сваім жыцці ў меншай ці большай ступені абавязкова дакранаецца да дзіўнага свету музыкі. Адны проста слухаюць любімыя мелодыі і атрымліваюць ад гэтага асалоду, іншыя становяцца кампазітарамі і прысвячаюць сваю дзейнасць стварэнню музыкі, а хтосьці з радасцю ўспамінае гады, праведзеныя ў музычнай школе.

А каб у дзіцячых сэрцах засталіся толькі самыя цёплыя і прыемныя ўспаміны пра наведванне заняткаў, педагогі Друеўскага філіяла Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў з радасцю вядуць сваіх вучняў у чароўную музычную краіну.

Калектыў музычнай школы калісьці з задавальненнем прытуліла мясцовая агульнаадукацыйная. І такое суседства доўжыцца не адно дзесяцігоддзе. Але жыццё дзвюх устаноў пад адным дахам, запэўнілі іх адміністрацыі, толькі на карысць і педагогам, і вучням.

І, сапраўды, дзецям не трэба далёка ісці, канцэрты і культурна-масавыя мерапрыемствы яны праводзяць разам, а ў другой палове дня ў калідорах школы гучаць гарманічныя і напоўненыя цэласным адчуваннем жыцця, класічныя і сучасныя музычныя творы.

  • Для жадаючых авалодаць ігрой на музычных інструментах, — кажа дырэктар установы Ірына Маслякова, — у нас адкрыты тры класы, дзе працуюць крэатыўныя і таленавітыя прафесіяналы сваёй справы, і кожны з іх заслугоўвае толькі самых лепшых слоў удзячнасці.

Сёння ў школе займаецца 35 выхаванцаў, якія пажадалі акунуцца ў чаруючы свет гукаў. Сваім майстэрствам і ведамі па класе акардэона і баяна з юнымі дараваннямі дзеліцца педагог Інеса Угарынка, скрыпцы — Валянціна Казакевіч, Ірына Маслякова вучыць будучых піяністаў, а спасцігнуць азы тэорыі музыкі вучням дапамагае Ганна Гірон.

Навучыць дзяцей слухаць і разумець музыку, абудзіць у іх творчыя сілы, выхаваць любоў да чароўнага — вялікая праца, якая патрабуе таленту, умення і настойлівасці. І дзякуючы творчым педагогам, музыка, падобна дажджу, кропля за кропляй, прасочваецца ў сэрцы хлопчыкаў і дзяўчынак.

У школе, адзначыла дырэктар, акрамя ўрокаў, праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, віруе канцэртная дзейнасць, арганізуюцца конкурсы і аліпміяды. Радуюць цудоўнымі выступленнямі малодшая і старэйшая вакальныя групы, ансамбль старажытнай музыкі пад кіраўніцтвам В. Казакевіч. Юныя музыканты дэманструюць свой талент на раённых і абласных сцэнах і прывозяць адтуль дыпломы.

Як узнагарода, для лепшых вучняў у школе ладзяцца сольныя канцэрты, куды запрашаюцца бацькі, родныя і сябры. Гэта дае магчымасць адчуць сябе сапраўдным артыстам, з’яўляецца стымул яшчэ больш працаваць, імкнуцца да перамогі.

Самі педагогі ў такія моманты хвалюцца ні колькі не менш за сваіх вучняў і за кулісамі разам з імі пражываюць усе моманты іх музычных нумароў.

Захопленыя сваёй справай, педагогі, не ўяўляюць жыцця без творчасці. Таму яны, па магчымасці, наведваюць канцэрты класічнай музыкі ў Полацкім Сафійскім саборы, эстрадныя праграмы ў сталіцы.

Сама І. Маслякова ўжо больш за 30 гадоў раскрывае і развівае музычны талент маленькіх друян. Абаяльная, натхнёная, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яна штодзень садзейнічае творчаму самавыяўленню сваіх вучняў. І ўпэўнена, што мелодыя павінна ісці ад сэрца і зноў дайсці да сэрца.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: І. Маслякова са сваімі вучаніцамі Т. Бальшаковай і А. Чопчыц.