Іх працай ганарыцца наш раён

Общество Экономика и финансы


00x207770Урачыстае ўшанаванне перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці адбылося ў суботу ў Раённым цэнтры культуры. Туды запрасілі тых, хто сваёй паўсядзённай працай на працягу гэтага сезона ўносіў найбольшы ўклад у развіццё і здабыткі раслінаводчай і жывёлагадоўчай галін перапрацоўчай прамысловасці.

Праўда, паколькі канчатковыя вынікі працы жывёлаводаў стануць вядомы толькі пасля заканчэння календарнага года, то ў райцэнтр у асноўным прыехалі механізатары, якія сеялі і ўбіралі збожжа, рыхтавалі кармы, закладвалі асновы будучага ўраджаю.

Сярод іх лепшы камбайнер сёлетняга жніва Віктар Зюрын і яго штогадовы сапернік у спаборніцтве Віктар Ваштаевіч, вадзіцелі Валянцін Гасянец і Алег Пяткун, сеяльшчыкі Пётр Чайкоўскі і Мікалай Капусцін, вадзіцелі корманарыхтоўчых агрэгатаў Святаслаў Бялусь і Аляксандр Самуль.

Прыемна было бачыць побач з ветэранамі вытворчасці, якія дзясяткі гадоў адпрацавалі ў гэтай нялёгкай сферы, тых, хто, нягледзячы на малады ўзрост, ужо дасягаюць іх узроўня, а ў чымсьці нават і не саступаюць. Гэта Юрый Вясна, Сяргей Хром, Юрый Каржанеўскі, Сяргей Ядзяла.

Да пачатку ж прыбыцця на свята перадавікоў сельгаспрадпрыемстваў іх калегі-перапрацоўшчыкі арганізавалі ў фае цэнтра культуры выставу-продаж сваёй прадукцыі, якую, перш чым набыць, завадчане прапаноўвалі абавязкова прадэгуставаць. Сыры ды іншыя малочныя прадукты, хлебабулачныя вырабы і газіраваныя напіткі, рыбныя кансервы, каўбасы, вяндліна — далёка не ўвесь пералік той прадукцыі, якая займала месца на ўпрыгожаных паліцах выставачных вітрын.

У 11 гадзін глядзельная зала запоўнілася, і вядучыя аб’явілі пра пачатак урачыстага ўшанавання лепшых працаўнікоў палёў і ферм. Павіншаваць прысутных першым на сцэну запрасілі старшыню раённага выканаўчага камітэта Уладзіміра Дранеўскага. Кіраўнік раёна падзякаваў сельскім працаўнікам за іх нялёгкую самаадданую працу, адзначыў, што менавіта дзякуючы іх намаганням сёлета наш рэгіён здолеў дабіцца значных поспехаў у раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах. Атрыманы самы высокі ўраджай збожжавых, адчувальную прыбаўку даюць малочнатаварныя фермы, закладзена трывалая аснова пад будучы ўраджай.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы як непасрэдным выканаўцам усяго комплексу работ, так і ўдумлівай творчай працы спецыялістаў і кіраўнікоў. Менавіта «камандзіраў» сельгаспрадпрыемстваў, калектывы якіх сталі пераможцамі на веснавой і восеньскай сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, першымі павіншаваў Уладзімір Дранеўскі. А затым дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах у знак удзячнасці паднеслі старшыні райвыканкама і кіраўнікам гаспадарак караваі.

— Няма на зямлі больш высакароднай справы, як карміць людзей, — адзначала ў сваёй віншавальнай прамове старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. — І браслаўскія хлебаробы і жывёлаводы ўносяць свой значны ўклад у агульную скарбонку рэспублікі.

Ніна Пучынская ўручыла людзям, якія сёлета заслужылі сваёй працай найбольшай павагі ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі, аблвыканкама і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы, райвыканкама.

Начальнік райупраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Максім Чагарын коратка расказаў пра вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў раёна за 10 месяцаў, яшчэ раз падкрэсліў, што нашы хлебаробы і жывёлаводы ўмеюць і хочуць працаваць на роднай зямлі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія перажывае іх галіна народнай гаспадаркі. Затым уручыў граматы і падзякі лепшым працаўнікам.

Не забыліся на свяце і пра тых, хто, нягледзячы на планы і вытворчыя заданні, знаходзіў магчымасць аказваць дапамогу сялу. Сапраўды, сёлета, як, напэўна, ніколі раней, былі наладжаны самыя цесныя сувязі гараджан з вяскоўцамі. Працаўнікі гарадскіх арганізацый і ўстаноў дапамагалі рамантаваць фермы, выгароджваць пастаўнікі, рыхтаваць кармы, араць глебу. У знак удзячнасці кіраўнікі гаспадарак прыпаднеслі сваім калегам падарункі.

Кветкі і падарункі ў гэты дзень атрымалі і тыя, хто дзясяткі гадоў адпрацаваў у сістэме сельскай гаспадаркі, не застаюцца ўбаку і цяпер, калі знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

У заключэнне ўрачыстасцей самадзейныя артысты з устаноў культуры раёна падарылі прысутным цудоўны канцэрт.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.